Мінск: Выстава «Адукацыя і кар’ера» – 2011

23.02.2011

Інфармацыя — галоўная каштоўнасць для абітурыентаў

З 24 па 26 лютага ў сталічным Палацы моладзі (Старавіленскі тракт, 41) пройдзе 9-я спецыялізаваная выстава «Адукацыя і кар’ера».

За дзевяць гадоў свайго існавання выстава «Адукацыя і кар’ера» заваявала рэпутацыю важнейшай падзеі для тых людзей, якія будуюць сваю адукацыйную траекторыю, паколькі яна дапамагае зарыентавацца ў «моры» адукацыйных паслуг, вызначыцца з выбарам прафесіі і навучальнай установы, падабраць для сябе студэнцкую праграму абмену ці курсы па вывучэнні замежных моў. Летась яе наведалі больш як 10 тысяч чалавек. У гэтым годзе арганізатары абяцаюць прадставіць яшчэ больш шырокую экспазіцыю як беларускіх і расійскіх ВНУ, так і ВНУ з іншых краін. Аб магчымасцях атрымання адукацыі ў Расіі раскажуць спецыялісты Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна, Расійскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Герцэна, Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта эканомікі, статыстыкі і інфарматыкі, Калінінградскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Расійскага ўніверсітэта кааперацыі, Санкт-Пецярбургскай акадэміі кіравання і эканомікі, Смаленскага інстытута эканомікі.

У выставе возьмуць удзел установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, цэнтры занятасці, установы пазашкольнага выхавання і навучання, вытворцы канцылярскіх тавараў. У педагогаў, вучняў і іх бацькоў будзе магчымасць азнаёміцца з новымі інфармацыйнымі тэхналогіямі ў навучанні, праграмамі дыстанцыйнага навучання, мультымедыйнымі сродкамі навучання, праграмамі профільнага навучання, новымі вучэбнымі дапаможнікамі і навуковай літаратурай, дзіцячай літаратурай, слоўнікамі, энцыклапедыямі і даведнікамі.

Дзелавая праграма выставы насычана мерапрыемствамі, якія будуць цікавыя і карысныя і выкладчыкам, і будучым абітурыентам, і маладым спецыялістам. Семінары для абітурыентаў правядуць вядучыя беларускія ВНУ, такія як БДУ, Акадэмія кіравання, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, МІТСА і Лінгвістычны ўніверсітэт. Праблемы пошуку работы студэнтамі і выпускнікамі ВНУ будуць разглядацца на семінары, які рыхтуюць спецыялісты праекта RABOTA.TUT. BY. А выкладчыкаў арганізатары выставы запрашаюць у навуковае кафэ «Адукацыі ў галіне экалогіі" на шматлікія прэзентацыі і майстар-класы.

Надзея Нікалаева, Чырвоная змена