Суддзя Святлана Акуліч адхіліла пазоў Наталлі Ільініч наконт аднаўлення той на працы ў талькаўскай школе. Адмова, у пэўнай ступені, прадказальная: справа выглядала больш палітычнай, чым прафесійнай. Баліць ад гэтага не менш.
Калегі даводзілі, што Наталля Ільініч – з найлепшых настаўнікаў. Казалі пра стаж і сумленнасць. Былыя вучні сведчылі пра паступленні ў ВНУ без дапамогі рэпетытараў. Бацькі вучняў выказвалі словы падзякі. Такая падтрымка шмат каштуе – не кожны зможа адолець страх ды сумневы і сказаць сапраўдныя, не для галачкі, словы.
Наталля Ільініч: Я пра сябе многа новага даведалася, столькі добрага... Мае калегі падтрымалі мяне, і бацькі, шмат. Некаторыя пабаяліся – так і сказалі.
Настаўнік.info: Чаму яны пабаяліся?
Наталля Ільініч: Яны баяліся, што дырэктар будзе дзяцей пераследаваць. Што мяне не адновяць, а дзіця таго, хто прыйдзе, будзе прасавацца. Ніна Цімафееўна (Ніна Пузына, маці двух вучняў спн. Наталлі) прыйшла, таму што ў яе дзеці вялікія. Іх не дастаць дырэктару нашаму.
Баліць Наталлі. Баліць калегам і вучням. Баліць грамадству: са школ, дзе вучыцца нашыя дзеці, выцясняюцца пакліканыя настаўнікі.
Наталля Ільініч: Зараз мне вельмі дрэнна, калі шчыра. Я ўчора наіўна думала, што... Мне здавалася што суддзя так добра ўсё распытала, сведкі сведчылі, так было ўсё ясна, рашэнне было на паверхні проста... Я ўсё ж такі падумала, што суддзя сумленне мае. Зразумела, што рашэнне заказана, але я думала, што яна мужнасць знойдзе ў сабе...
Настаўнік.info: Што б Вы параілі настаўнікам, з якімі беспадстаўна не заключаюцца кантракты?
Наталля Ільініч: Тут як у каго атрымаецца, змагацца, канешне, заўсёды варта.
Настаўнік.info: Ці шкадуеце, што адстойвалі свае інтарэсы ў судзе?
Наталля Ільініч: Не.
Настаўнік.info: Ці разлічваеце Вы на касацыйны суд?
Наталля Ільініч: Я спадзяюся ўсё ж такі, што вярнуся ў сваю школу. З мяне робяць прафесійную рэвалюцыянерку – а я хачу быць настаўніцай.
Дырэктарка Меркуль і былая настаўніца Ільініч
Суддзя Акуліч
Дыпломы і падзякі
Вучаніцы
Дырэктарка Меркуль да службы гатова?
Наталля Ільініч: Я спадзяюся ўсё ж такі, што вярнуся ў сваю школу
10.03.2011