«У краіне амаль адсутнічаюць беларускамоўныя дзіцячыя садкі. А колькасць вучняў, што навучаюцца на мове тытульнай нацыі, скарацілася да 18 %. Аднак цяпер вёска вымірае, а ў горадзе далёка не кожны дзед ці бабуля валодае мовай продкаў», – адзначаецца ў звароце сакратарыяту Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.
ТБМ прапаноўвае стварыць Усебеларускі бацькоўскі камітэт трох узроўняў для забеспячэння навучання дзяцей па-беларуску. Пра гэта гаворыцца ў звароце, прынятым ў Менску 29 красавіка на пасяджэнні кіраўніцтва ТБМ. Яго аўтары звяртаюць увагу на тое, што пасля рэферэндуму 1996 г. і адпаведных зменаў у Канстытуцыі і Законе аб мовах прыйшла ў заняпад сістэма бесперапыннай беларускамоўнай адукацыі ў Беларусі.
Пачынаючы з 1959 г. у Беларусі метадычна закрываліся беларускамоўныя ўстановы адукацыі ўсіх узроўняў, нават беларускую літаратуру ў сталічных школах часам выкладалі па-расейску. Сітуацыя пачала мяняцца да лепшага толькі ў 1990–1995 гг., калі большасць першакласнікаў у краіне пачала навучацца па-беларуску, падкрэсліваецца ў звароце.
Усебеларускі бацькоўскі камітэт плануецца стварыць на трох узроўнях: спачатку маладыя бацькі аб’ядноўваюцца для выхавання сваіх дзяцей па-беларуску ў дзіцячых садках, потым – для навучання ў школе, а калі дзеці дойдуць да 10–11-га класаў, паўстане неабходнасць адкрыцця беларускамоўных плыняў і групаў ва ўніверсітэтах. 8 красавіка быў створаны Менскі гарадскі бацькоўскі камітэт з бацькоў Фрунзенскага раёну сталіцы, да якіх далучаюцца бацькі з іншых раёнаў Менску, паведамляецца ў звароце.
Яго аўтары заклікаюць стварыць такія камітэты ў іншых гарадах, а потым аб’яднаць іх у адзіную структуру з адпаведным узроўнем каардынацыі ды банкам інфармацыі. Ахвотныя далучыцца да ініцыятывы могуць звязацца з кіраўніцтвам ТБМ праз электронны адрас siadziba@gmail.com або па тэлефоне ў Менску: 284–85–11.
Белсат ТВ
ТБМ: Трэба адраджаць беларускамоўную адукацыю
04.05.2011