Канцылярыя Таварыства беларускай школы звярнулася да міністра адукацыі С. Маскевіча з лістом, у якім выказвае абурэнне з прычыны закрыцця «Раніцы» – адзінай беларускамоўнай газеты для дзяцей і падлеткаў – і патрабуе тлумачэнняў.
У заяве зазначана, што газета «Раніца» пад рознымі назвамі бесперапынна выходзіла па-беларуску пачынаючы з 1929 года, мае водгук у аўдыторыі 13–17-гадовых, выкарыстоўваецца настаўнікамі. Паводле аўтараў заявы, спасылкі на эканамічны крызіс як прычыну закрыцця непрымальныя, бо рускамоўныя выданні, якія фінансуе дзяржава, з прычыны крызісу не закрываюцца. Планы ўключэння матэрыялаў «Раніцы» ў рускамоўную газету ёсць не што іншае, як чарговая праява дыскрымінацыі беларускамоўных дзяцей.
Сябра Канцылярыі ТБШ Вольга Мазурава каментуе закрыццё беларускай дзіцячай газеты наступным чынам:
«Прадбачым аргумент: маўляў, падпіска на «Раніцу» занадта малая ў параўнанні з рускамоўнымі аналагамі, каб газета акупляла сябе. Але ж, па-першае, яе, адрозна ад рускамоўных перыёдыкаў, скрэслілі са спісу выданняў, падпіска на якія абавязковая для ўсіх школ, бібліятэк, дамоў дзіцячай творчасці краіны. Па-другое, таямніцай полішынэля ёсць факт, што існуе жорсткая схема прымусовай падпіскі вучняў на рускамоўныя дзіцячыя выданні, за вынікі якой нясуць адказнасць вучні і кіраўнікі ўстановаў адукацыі.
Акрамя таго, у цывілізаваных краінах існуе матэрыяльная падтрымка – датацыі, дафінансаванне – дзіцячым і падлеткавым выданням, асабліва на нацыянальнай мове, якая пераадольвае наступствы дыскрымінацыі і вымагае дзяржаўнай дапамогі.»
ТБШ патрабуе ад міністра адукацыі тлумачэнняў у сувязі з закрыццём газеты «Раніца»
19.10.2011