Верш Янкі Купалы ў выкананні Сяргея Міхалка (відэа)

08.11.2011

Хто ты гэткі?

Хто ты гэткі?
– Свой, тутэйшы.
Чаго хочаш?
– Долі лепшай.
Якой долі?
– Хлеба, солі.
А што болей?
– Зямлі, волі.
Дзе радзіўся?
– Ў сваёй вёсцы.
Дзе хрысціўся?
– Пры дарожцы.
Чым асвенчан?
– Кроўю, потам.
Чым быць хочаш?
– Не быць скотам...

1908 Я. Купала



Адбылася прэм’ера новага кліпа гурта «Ляпис Трубецкой» – «Не быць скотам». Гэта першая песня ў гісторыі гурта, напісаная яе лідэрам Сяргеем Міхалком на вершы іншага аўтара – класіка беларускай паэзіі Янкі Купалы.

Верш Купалы пад назвай «Хто ты гэткi?» (1908) пачаў гучаць на канцэртах «Ляпісаў» з сярэдзіны 2010 года. Гэтыя 16 радкоў, складзеныя з 8 пытанняў і 8 адказаў, Сяргей Міхалок чытаў у ліку іншых сваіх любімых вершаў у перапынках паміж песнямі.

«Я доўга не мог падступіцца да гэтага вершу, бо тут у некалькіх радках закладзены эпас і гісторыя цэлага народа, – распавядае Сяргей Міхалок. – Мяне ўразіла, што вершы, напісаныя шмат гадоў назад і на той час злабадзённыя ды сфакусаваныя на рэальным жыцці, і сёння гучаць вельмі актуальна. Забаўна, што Купала можа падказаць ўсім беларусам, што рабіць і як жыць тут і цяпер – прычым лепш, чым любыя прамовы сучасных палітыкаў».