Выйшаў «Беларуска-польскі размоўнік-даведнік»

19.01.2012

Баршчэўскі Л. П. Беларуска-польскі размоўнік-даведнік / Л. П.Баршчэўскі ; прадм. Л. Шарэпка. — Мінск: Радыёла-плюс, ІП Сіўчыкаў Ул. М., 2011. — 180 с.

«Беларуска-польскі размоўнік-даведнік» выйшаў у межах серыі «Беларускія ЕўраРазмоўнікі». Выданне прызначаецца найперш тым, хто выязджае ў Польшчу ў камандзіроўку, на адпачынак, турыстам.

Размоўнік-даведнік мае адметную структуру: можа не толькі дапамагчы карыстальнікам, якія ўпершыню сутыкнуліся з польскай мовай і з польскімі рэаліямі, але і адначасова зацікавіць іх у лепшым засваенні мовы суседняга народа, звязанага з беларусамі агульнымі гістарычнымі каранямі. Дзеля гэтага ў склад гэтай кнігі ўключаны практычны граматычны даведнік, асновай якога паслужыла падрыхтаваная тым жа аўтарам і выдадзеная ў 2008 г. «Кароткая граматыка польскай мовы». Раздзелы размоўніка забяспечаны тэматычнымі беларуска-польскімі слоўнічкамі. У кнізе таксама змешчана актуальная інфармацыя пра самыя важныя турыстычныя аб’екты на тэрыторыі сучаснай Польшчы.

Утрымлівае размоўнік-даведнік і практычную транскрыпцыю.