Апошні тэрмін падачы заявак – 29 лютага
Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА» ў сакавіку – красавіку 2012 г. праводзіць у Мінску курс нефармальнай адукацыі «Школа трэнерскага майстэрства».
У рамках навучальнай праграмы адбудуцца 5 узаемазвязаных інтэрактыўных семінараў пачатковага ўзроўню па навучанні асновам працы трэнера з моладзевай групай у кантэксце некамерцыйнай арганізацыі. Паміж семінарамі будзе зарганізавана практыка па замацаванню ведаў і ўменняў на базе арганізацый удзельнікаў, а таксама праца па абмене досведам у рамках партала электроннага дыстанцыйнага навучання РГА «БелАЮ». Акрамя таго, удзельнікі, пры жаданні, змогуць самастойна правесці навучальныя сесіі з моладзевай групай у рамках курсу нефармальнай адукацыі «Моладзь на карысць грамадству» паводле распрацаваных арганізатарамі матэрыялаў.
Расклад правядзення курсу і тэмы інтэрактыўных семінараў:
3 сакавік (субота) - «Асноўныя кампетэнцыі трэнера ў галіне нефармальнай адукацыі»
Семінар будзе прысвечаны абмеркаванню асаблівасцяў нефармальнай адукацыі і ключавых кампетэнцый, неабходных сучаснаму трэнеру.
17 сакавіка (субота) - «Тэхналогія праектавання праграмы навучання»
Семінар будзе прысвечаны пытанням вывучэння адукацыйных патрэбаў удзельнікаў, фармулявання мэты, вызначэння зместу, падбору матэрыялаў і рашэння арганізацыйных пытанняў, звязаных з працэсам нефармальнай адукацыі.
31 сакавіка (субота) - «Асаблівасці выкарыстання розных метадаў навучання»
Семінар будзе прысвечаны вывучэнню магчымасцяў і абмежаванняў выкарыстання розных метадаў навучання ў нефармальнай адукацыі.
21 красавіка (субота) - «Развіццё ўменняў працы з групай»
Семінар будзе прысвечаны абмеркаванню прынцыпаў і асаблівасцяў працы з групай, стылю паводзінаў трэнера, прафесійнай этыцы трэнера ў галіне нефармальнай адукацыі.
28 красавіка (субота) - «Ацэнка вынікаў навучання»
На семінары ўдзельнікі абмяркуюць пытанне адказнасці трэнера за вынік навучання, а таксама разгледзяць паспяховыя практыкі ацэнкі якасці навучання і арганізацыі суправаджэння ўдзельнікаў пасля адукацыйнай праграмы.
Час правядзення семінараў у названыя дні: з 11.00 па 17.00.
Навучанне бясплатнае. Унёсак удзельніка на арганізацыю харчавання і закупку канцтавараў складае 50 000 беларускіх рублёў за кожны семінар. Іншагароднія ўдзельнікі самастойна пакрываюць свае транспартныя выдаткі.
Па сканчэнні навучальнага курса выпускнікі, якія паспяхова выканалі ўсе кампаненты праграмы, атрымаюць пасведчанне аб удзеле ў курсе.
Навучальны курс праводзяць:
· Віталь Нікановіч, унутраны трэнер і каардынатар праграмы «Нефармальная адукацыя» РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», з больш чым 12 гадовым досведам працы ў галіне нефармальнай адукацыі для моладзі, дарослых і пажылых людзей;
· Вольга Свідзерская, бізнес-трэнер з больш чым 10 гадовым досведам навучання і развіцця персаналу, у тым ліку для спецыялістаў з сістэмы фармальнай і нефармальнай адукацыі, гатэльнага бізнесу, рознічнага гандлю і продажу банкаўскіх паслуг.
Для ўдзелу ў навучальным курсе трэба запоўніць он-лайн заяўку не пазней за 29 лютага 2012 г. Група фармуецца на конкурснай аснове па меры паступлення заявак. Колькасць удзельнікаў у групе – 20 чалавек. Прыярытэт у конкурсе будуць мець кандыдаты, якія з’яўляюцца сябрамі або супрацоўнікамі некамерцыйных арганізацый і якія маюць рэкамендацыю. Удзельнікі навучальнага курсу, абраныя паводле вынікаў конкурсу, атрымаюць персанальнае запрашэнне на навучальны курс не пазней за 1 сакавіка 2012 г. на адрас электроннай пошты, пазначаны ў заяўцы.
З усімі пытаннямі, калі ласка, звяртайцеся пісьмова да куратара навучальнага курса Віталя Нікановіч праз электронную пошту: vnikanovich@belau.info або праз скайп: v_n_n_v .
Інфармацыйны ліст (pdf 133 Kb)
Мінск: Школа трэнерскага майстэрства
21.02.2012



