Апошні тэрмін падачы заяўкі – 3 красавіка 2012 г.
Моладзевая асацыяцыя «StudAlliance» супольна з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам запрашае да ўдзелу ў культурна-адукацыйным праекце «Discover Vilnius!» («Адкрый для сябе Вільню!») вучняў 9–11 класаў беларускіх школ, навучэнцаў каледжаў і тэхнікумаў, а таксама студэнтаў.
Удзельнікам праекта прапануецца магчымасць наведаць сонечную вясновую Вільню 27–28 красавіка 2012 года. Цягам двухдзённага візіту дзяўчаты і хлопцы з Беларусі атрымаюць унікальную магчымасць пазнаёміцца з гісторыка-культурнай спадчынай Літвы, а таксама наведаць адукацыйныя інстытуцыі Вільні і проста файна прабавіць час!
27 красавіка (пятніца) удзельнікам праекта прапануецца сустрэцца са сваімі аднагодкамі з літоўскай школы, пазнаёміцца з літоўскай мовай і літоўскай гісторыка-культурнай спадчынай праз удзел ва ўнікальнай тэматычнай гульні-экскурсіі па Старым Горадзе Вільні, падчас якой яны пабачаць усю прыгажосць літоўскай сталіцы і адчуюць атмасферу перапляцення эпох князёў і магнатаў Вялікага Княства Літоўскага, пашпацыруюць па вуліцах, па якіх хадзілі Скарына, Багдановіч, Колас, Купала і цэлыя генерацыі знакамітых беларускіх культурных і грамадскіх дзеячаў.
Акрамя таго, удзельнікі праекта здолеюць патрапіць у адзін з найлепшых музеяў Літвы – Музей ахвяраў генацыду (былая турма). Пасля асноўнага блоку ўдзельнікаў праекта «Discover Vilnius!» чакае насычаны вольны час: прадугледжаная магчымасць шопінгу і вячэра з выдатнай забаўляльнай праграмай, спалучанай з team-building, а таксама процьма іншых сюрпрызаў!
Начлег – у камфартабельным трохзоркавым гатэлі.
28 красавіка (субота) ўдзельнікі праекта пазнаёмяцца з адукацыйнымі магчымасцямі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, здолеюць паўдзельнічаць у лекцыях і семінарах гэтай вышэйшай навучальнай установы. У той самы дзень прапануецца наведаць маляўнічы вясновы Тракайскі замак, рэзідэнцыю князёў Вялікага Княства Літоўскага.
УВАГА! Усе ўдзельнікі, якія не маюць літоўскай нацыянальнай ці шэнгенскай візы, атрымаюць бясплатную візу ад арганізатараў праекта.
Хто можа ўдзельнічаць у праекце?
Найбольш прыярытэтная група – вучні 9–11 класаў. Акрамя іх, заяўкі могуць падаваць навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і студэнты ВНУ.
Удзел у праекце каштуе 55 еўра. У кошт уваходзіць: начлег, аўтобус на два дні (паездкі па Вільні і ў Трокі), уся культурна-экскурсійная праграма, сняданак і вячэра першага і сняданак другога дня.
У кошт не ўваходзіць: аплата праезду з Беларусі ў Вільню і назад, медыцынская страхоўка на час знаходжання ў Літве.
Каардынатары гатовыя адказаць на ўсе пытанні ўдзельнікаў праекта.
Апошні тэрмін падачы заяўкі на ўдзел у праекце – 3 красавіка 2012 года.
Колькасць месцаў абмежаваная! Спяшайцеся! Для ўдзелу ў праекце неабходна аформіць заяўку і даслаць яе на электронны адрас student.ehu@gmail.com не пазней за 3 красавіка з пазнакай у тэме «Адкрый для сябе Вільню!».
Па ўсіх пытаннях наконт удзелу ў праекце Вы можаце звяртацца на электронны адрас student.ehu@gmail.com і тэлефон у Літве +370 675 16 062. Вы можаце абмеркаваць гэты праект у тэматычным топіку Вконтакте.
Глядзець відэа з папярэдняга этапу праекта!
Паводле сайта Студэнцкай супольнасці ЕГУ