У бягучым навучальным годзе ў навагрудскай СШ №4 быў адкрыты незвычайны клас. За парты ў ім селі два хлопчыкі і адна дзяўчынка. Іх бацькі зрабілі выбар на карысць навучання дзяцей на беларускай мове.
Гісторыя беларускамоўнага навучання ў школе даволі багатая. Упершыню такі клас адчыніў свае дзверы для першакласнікаў у 1989 годзе. Пасля былі і два, і тры класы на паралель. Былі гады, калі набору не было наогул. Так, у 2010 годзе адбыўся выпуск 11 «А» беларускамоўнага класа, а наступны навучальны год стаў годам невялічкага перапынку, калі ў школе не было ніводнага класа з навучаннем на роднай мове. І вось аднаўленне добрай справы.
Сімвалічна, што настаўніцай 11«А» 2010 года і 1 «А» 2011 года з’яўляецца В.В. Кічкайла, настаўніца вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, шчыры, гуманны педагог з вялікім сэрцам.
– У мяне ніколі не было сумненняў, што вучыць роднай мове дзяцей патрэбна, – гаворыць яна. – Бацькі маіх сённяшніх першакласнікаў таксама ў гэтым упэўнены і, па іх словах, яшчэ ні разу не пашкадавалі аб выбары школы і класа.
Першыя крокі заўсёды маленькія. Вось і беларускамоўны клас, як крок у будучае, невялікі. У чым жа перавага навучання ў такім маленькім класе? Урокі адпавядаюць патрабаванням здароўезберажэння. Няма напружання і спешнасці. У класе атмасфера эмацыянальнага камфорту, дзеці давяраюць настаўніку, вучацца сябраваць і дапамагаць адзін аднаму. Безумоўна, вучыцца ў такім класе добра для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія саромеюцца або цяжка прывыкаюць да новага калектыву. Для гіперактыўных дзяцей перавага ў тым, што ёсць магчымасць увесь час быць у полі зроку педагога. У той жа час вучні не адарваныя ад актыўнага школьнага жыцця. Праводзяцца сумесныя для паралелі факультатывы, пазакласныя мерапрыемствы, і вучні беларускамоўнага класа ўносяць у іх самабытную беларускую іскрынку.
Усе мы – беларусы, жывём на беларускай зямлі. Ад кожнага з нас залежыць, ці захаваем нашу гісторыю, культуру і мову, ці будуць ведаць іх нашы дзеці.
Паважаныя бацькі першакласнікаў 2012 года, скарыстайце ўнікальную адукацыйную паслугу – навучанне дзяцей на роднай мове. Прыводзьце дзяцей у беларускамоўныя класы!
Ларыса Дзедавец, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце навагрудскай СШ №4
Паводле газеты «Новае жыццё»
Крок у будучыню: Набор першакаласнікаў у беларускі клас у Навагрудку!
30.03.2012