РІКВ знайшоў новы артыкул даходаў – штрафы

02.04.2012

Сайту Nastaunik.info стала вядома пра некалькі фактаў, калі РІКВ падае заявы ў суды на настаўнікаў, якія змяшчаюць у асабістых блогах заданні рэпетыцыйнага (заўважце, не цэнтралізаванага!) тэставання пасля яго правядзення і дапамагаюць дзецям разабрацца з імі. Настаўнікаў выклікаюць у міліцыю, складаюць на іх пратаколы, заводзяць судовыя справы нібыта за парушэнне аўтарскага права і інтэлектуальнай уласнасці УА «Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў».

Так, настаўніца з Гомельшчыны ў сваім блогу піша: «24 лютага гэтага года ў Гомелі адбыўся суд, на які я была выкліканая ў якасці адказчыка па справе аб парушэнні мной аўтарскіх правоў РІКВ па адпаведным артыкуле. Да гэтага была міліцыя, дача паказанняў, складанне пратакола і гэтак далей. Як у дрэнным сне...

Я прызнала, што сапраўды на блогу былі размешчаны матэрыялы рэпетыцыйнага тэставання (РТ) і складзеныя мной адказы да іх, але адмовілася прызнаць, што парушыла аўтарскія правы і правы інтэлектуальнай уласнасці РІКВ па прычыне таго, што артыкулам 11 Закона РБ аб аўтарскім і сумежных правах прадугледжваецца, што складальнік карыстаецца аўтарскім правам пры ўмове захавання правоў аўтараў кожнага з твораў, якія ўключаны ў зборны твор. Мной былі прыведзены доказы парушэння РІКВ аўтарскіх правоў першакрыніц, якія ўваходзяць у склад РТ. Суддзя зрабіў выснову: «Значыць, Вы не прызнаеце парушэння Вамі аўтарскіх правоў, так як сам РІКВ парушае аўтарскія правы». «Так, менавіта так». Вынесенае рашэнне: «Прызнаць вінаватай, але ад адміністрацыйнай адказнасці вызваліць у сувязі з нязначнасцю парушэння». (Адміністрацыйная адказнасць па гэтым артыкуле прадугледжвае штраф ад 20 да 50 базавых велічынь)" .

А вось настаўнік фізікі з Магілёва павінен заплаціць 20 базавых велічынь нібыта за парушэнне аўтарскіх правоў РІКВ. Такое рашэнне прыняў суд 28 сакавіка, пра што на сваім сайце паведаміў настаўнік. Ён таксама быў пакараны за тое, што «рассакрэціў» умовы (нават не рашэнні) задачаў РТ. Прачытаўшы закон, у парушэнні якога быў абвінавачаны настаўнік, ён спрабуе разабрацца з наступнымі пытаннямі:

«1) Якія страты нанесены РІКВ? Фінансавыя?

За час існавання РІКВ не апублікаваў ніводнага зборніка рэпетыцыйнага тэставання. І што, кожны настаўнік, кожны вучань, якія выкарыстоўваюць розныя копіі ўмоваў РТ, парушаюць аўтарскія правы гэтага інстытута? Як школьнікі могуць падрыхтавацца да РТ, ацаніць узровень складанасці заданняў, калі ў іх няма умоваў? Асабліва павышаны попыт на гэтыя заданні ў першыя дні пасля тэставання. Калі б Рэспубліканскі інстытут публікаваў заданні РТ праз месяц ці два (як яны робяць гэта з ЦТ), то не было б ніякага парушэння. Лічу, што на маім і падобных майму сайтах выконваецца праца, якую павінен быў рабіць, але чамусьці не робіць РІКВ. І калі будзе перакрыты і гэты доступ да РТ, то хто ад гэтага выйграе, і хто пацерпіць?

2) Ці можна рэпетыцыйныя тэсты (РТ) лічыць ўласнасцю РІКВ? Ці можна лічыць задачу, у якой памянялі лікі або словы месцамі, сваёй уласнасцю?»

У форумах настаўнікі прыводзяць процьму прыкладаў, калі задачы ў РТ былі ўзятыя з розных зборнікаў задач без пазначэння крыніцаў.

Калі верыць сеціву, дык не толькі настаўнікі, але і вучні, якія пасля РТ змясцілі ўмовы задачаў на форумах, каб разабрацца ў іх рашэнні, таксама маюць праблемы з кантралёрамі ведаў: «Выклаў на цт-на100.юкозю.ру (цяпер не існуе) варыянт РТ па матэматыцы ... праз 3 дні разгляд, праз 2 месяцы камісія па справах непаўналетніх. У выніку паўгода на ўліку... Вось як можна парушыць аўтарскія правы, калі нідзе на лістку з РТ не напісана пра іх?» – пытаецца вучань.

У адным настаўнікі салідарныя: закон парушаць нельга. Яны просяць юрыстаў і калег разабрацца, хто ў гэтых выпадках яго парушыў: РІКВ ці настаўнікі?

P.S. Из закона РБ «Об авторском праве и смежных правах» от 17 мая 2011 г. № 262-З

Статья 11. Авторское право на составное произведение

1. Автору сборника и других составных произведений (составителю) принадлежит авторское право на осуществленные им подбор или расположение материалов, представляющие собой результат творческого труда (составительство). Составитель пользуется авторским правом при условии соблюдения прав авторов каждого из произведений, включенных в составное произведение. Авторы произведений, включенных в составное произведение, вправе использовать свои произведения независимо от составного произведения, если иное не предусмотрено договором с составителем. Авторское право составителя не препятствует другим лицам осуществлять самостоятельный подбор или расположение тех же материалов для создания своих составных произведений.

Статья 36. Свободное использование произведений в образовательных и исследовательских целях

2. Статьи и иные малообъемные произведения, правомерно опубликованные в сборниках, а также газетах, журналах и других печатных средствах массовой информации, отрывки из правомерно опубликованных литературных и иных произведений могут быть воспроизведены посредством репродуцирования и иного воспроизведения в образовательных и исследовательских целях.

Згодна з артыкулам, 11 РІКВ валодае аўтарскім правам на матэрыялы ЦТ і РТ, калі ён захаваў правы аўтараў асобных заданняў.

А як быць з артыкулам 36? Хіба сайты і блогі настаўнікаў створаны не ў адукацыйных мэтах?