З 18 на 19 мая – Ноч музеяў (расклад)

17.05.2012

У ноч з 18 на 19 мая людзі ва ўсім свеце стануць перад сур’ёзным выбарам: глядзець сны ці музейныя экспанаты? Чым парадуюць беларускія музеі? Які з іх можна будзе абрабаваць і не панесці пакарання? Дзе патанчыць, а дзе паслухаць музыку? Ноч музеяў у Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Мінску.


Фота: Антон Матолька, toxaby.livejournal.com

Жыхары Брэста змогуць паўдзельнічаць у выступленнях вайскова-гістарычнага клубу, дакрануцца да музейных рэліквій Брэсцкай крэпасці, пастраляць з лука і апынуцца ў самым сапраўдным ваенна-палявым лагеры.

Віцебляне і віцеблянкі запрашаюцца ў госці да байкераў і рыцараў. Усе ахвотныя змогуць вымярыць свой час крокамі падчас практычнага перформанса і зацаніць фаер-шоу.

У Гомелі пройдзе самая маштабная за апошнія 20 гадоў выязная выстава. Акрамя таго, удзельнікі змогуць акунуцца ў атмасферу 20 стагоддзя: пагуляць у гарадкі і шахматы, пастраляць па мішэнях і паўдзельнічаць у латарэі.

Ноч музеяў у Гродна будзе напоўнена цудамі: “Магія гукаў” і “Магія словаў”, гіганцкія мыльныя бурбалкі, сэнд- і бодзі-арт шоў.

Магілеўчанам выпадзе ўнікальны шанс абрабаваць ноччу музей і не панесці за гэта ніякай адказнасці, а таксама запусціць у неба сотню папяровых кітайскіх ліхтарыкаў. Выступ кавер-гурта і салют – усё адразу толькі гэтай ноччу!

У Мінску госці музеяў змогуць акунуцца ў атмасферу напалеонаўскіх войнаў, пазнаёміцца з ваеннай модай, схадзіць на рэтра-фільм, наведаць выставу фоцікаў і кальянаў, а таксама патанчыць фламенка і капаэйра.

на ampby.org