Чэшскім школьнікам плацяць за чытанне

01.08.2012

У Чэхіі дзеці чытаюць кнігі, падборку якіх зрабілі вядомыя чэшскія творцы, а таксама абіраюць кнігі для чытання самастойна, абмяркоўваючы спіс прапанаванай літаратуры ўсім класам. Настаўнікі толькі падтрымліваюць гэтае пачынанне, бо школьнікі чытаюць самі, без усякага прымусу. Да таго ж, у іх з’явіўся стымул.

За кожную прачытаную кнігу школьнікам плацяць па 50 крон, пасля чаго дзеці праходзяць тэст на сайце праекту «Чытанне дапамагае» (Čtení pomáhá). І калі ўсе адказы правільныя, кампутар пераводзіць на імя школьніка сумленна заробленыя кроны. Праўда, грошы гэтыя — віртуальныя. Аднак дзеці ўжо «начыталі» больш чым на 11 мільёнаў крон. Выдаткаваць гэтыя грошы вучні могуць толькі на дабрачыннасць, з дапамогай электроннага пераліку сродкаў.

Так, дзякуючы дадзенай акцыі дзеці могуць дапамагаць абяздоленым, пералічваючы грошы на лячэнне альбо куплю жылля. «Начытаныя» школьнікамі грошы пералічваюць афтальмалагічным клінікам і нават Цэнтру навучання сабак-павадыроў для сляпых.

Падставай для акцыі стала вывучэнне школьнай статыстыкі ў Чэхіі, якая паказала, што большасць дзяцей у краіне выдатна ведаюць матэматыку, але пры гэтым займаюць адно з апошніх месцаў у Еўропе па чытанні кніг.

На сайце ўжо зарэгістравана 90 тыс. чэшскіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Прычым кожны з тых, хто перавёў свае сумленна «начытаныя» грошы на дабрачыннасць, атрымліваюць лісты ў адказ ад тых, каму яны паслалі свае электронныя кроны. Кожнае дзіця, якое адправіла грошы на дабрачыннасць, атрымае па электроннай пошце ліст, у якім работнікі сайта «Чытанне дапамагае» падзякуюць яму, дашлюць юнаму дабрачынцу ліст з фотаздымкам, напрыклад, сабакі-павадыра, які дастаўся яго равесніку са слабым зрокам. Так дзеці бачаць, што іх чытанне сапраўды дапамагае не толькі асабістаму духоўнаму развіццю, але і прыносіць матэрыяльную дапамогу тым, хто жыве ў нястачы, адзначае аўтар праекту Марцін Раман.

ПрайдзіСвет