Дрэс-код у школе: Для адных афрыканскія касічкі, для іншых шэрыя пінжакі

20.08.2012

«Хадзіць у школу ў джынсах – быць белай варонай», – кажа міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, адказваючы васьмікласніку. Хлопчык спытаў у чыноўніка, ці можна яму апранаць пінжак, белую кашулю і чорныя джынсы.

Спрабуем высветліць, які дрэс-код у школах, і як дырэктары разумеюць «дзелавы стыль».

«Не проста сціплая форма, а касцюм-класіка. Пажадана, каб колеры былі цёмныя, сінія, шэрыя. Сіні ці чырвоны – не пажадана. На гэты конт вядзем тлумачальную працу», – адказваюць Еўрарадыё ў 180-й мінскай школе.

Для настаўнікаў – не менш строга. Выкладчыцу гісторыі з 44-й мінскай школы прымусілі расплесці афрыканскія касічкі, бо «падае дурны прыклад».

«Мы тады ўжо тыдні тры прапрацавалі. Заплялі мне простыя афрыканскія касічкі, на два колеры з канікалону. Тры дні я так пахадзіла ў школе пакуль не было дырэктара. Калі прыйшла дырэктар, яна была ў жаху. Галоўны аргумент, што я дурны прыклад для дзяцей», – расказвае настаўніца гісторыі Юлія Кухарчык.

Праз месяц адзінаццацікласнік з гэтай школы заплёў сабе сіне-чырвоныя дрэды. Салідарнасць…

Юлія Кухарчык: «Праз месяць вучань адзінаццатага класа прыйшоў з сінімі дрэдамі. Ён пахадзіў на 2 заняткі, пасля яго выклікалі да дырэктара і далі 3 дні, каб вырашыць праблему з галавой».

Самая дэмакратычная школа, якую знаходзіць Еўрарадыё – Гродзенская гарадская гімназія. Ні афрыканскія касічкі, ні доўгія валасы ў хлапцоў тут не лічаць за «праблему з галавой». Галоўнае, каб было прыстойна, расказваюць у гродненскай гімназіі:

«Дзелавы стыль – досыць дэмакратычная рэч. У асноўным, хлопцы ходзяць у пінжаках і штанах. Я дазваляю пінжак і джынсы. Дзяўчаты – у спадніцах, але калі ўзімку холадна можна і ў штанах, і джынсах. Афрыканскія касічкі, я лічу, гэта таксама не беспарадак. Такія дзеці былі ў нас. Гэта праяўленне сваёй асобы».

Адзіная ўмова для хлапцоў: доўгія валасы трэба збіраць у хвосцік.

У 161-й мінскай гімназіі джынсы вучням насіць не дазваляюць. Але калі прыйдуць так, з урокаў не пагоняць.

«Міністэрства адукацыі не вызначылася з адзіным меркаваннем наконт строю ў школе. Цяпер у дзяўчат – спаднічка, камізэлька, у хлопцаў – пінжак, гальштук. Цёмная, светлая… за гэта ніхто моцна не ганяе», – расказваюць у 161 мінскай гімназіі.

І дадаюць, што за джынсы з урокаў не выганяць, але правядуць гутарку і патэлефануюць бацькам.

Выходзіць, «дзелавы стыль» для кожнага розны. І школа сама вырашае, у чым можна хадзіць. А ў чым – не.

Арцём Мартыновіч, Euroradio