КДБ пачаў «цікавіцца» адукацыяй

14.09.2012

Гарадзенскіх гісторыкаў, выкладчыкаў унівэрсытэта імя Янкі Купалы, якія прычыніліся да выдання кнігі «Гродназнаўства», пачалі выклікаць да рэктара і браць тлумачэнні. Усё таму, што кніга выдадзеная не дзяржаўным выдавецтвам, а выйшла ў серыі «Гарадзенская бібліятэка», паведамляе сайт Радыё Свабода. На гарадзенскіх сайтах з'явілася інфармацыя пра тое, што гісторыкаў выклікалі да рэктара, а таксама з імі мелі размову супрацоўнікі КДБ.
Самі гісторыкі не адмаўляюць, што іх сапраўды выклікалі ў рэктарат і што з імі гутарылі супрацоўнікі КДБ, але каментаваць сітуацыю адмаўляюцца, бо ўсім пагражае страта працы.


Што рабіць выкладчыку ў такой сітуацыі, калі яго "папярэджваюць", запалохваюць, яму пагражаюць?

Сітуацыю каментуе юрыст Валянцін Стэфановіч.


- Усе выклікі на размовы ў сувязі з супрацоўніцтвам з недзяржаўнымі структурамі - гэта незаконныя дзеянні адміністрацыі дзяржаўных устаноў. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе плюралізм. Беларусь – прававая дзяржава. Выкладчыкі, настаўнікі могуць прытрымлівацца розных поглядаў, маюць права не толькі супрацоўнічаць, але і быць членамі ўсіх зарэгістраваных недзяржаўных грамадскіх арганізацый і палітычных партый.

Сайт Беларускага Хельсінкскага камітэта дае наступныя парады:



Што рабіць, калі вас выклікалі на размову ў рэктарат ці да супрацоўніка КДБ

Калі выклікаюць па тэлефоне наўпрост асобы, якія называюцца супрацоўнікамі КДБ, трэба запатрабаваць выкліку позвай (павесткай), у якой павінна быць паказана, хто выклікае, па якой справе, у якім статусе, час і месца, куды трэба з'явіцца. Паведаміце пра дадзены факт праваабаронцам і СМІ.
Калі ўсё ж вы апынуліся ў кабінеце сам-насам з супрацоўнікамі КДБ, першым чынам запатрабуйце назвацца і паказаць іх службовыя пасведчанні. Лепей перапісаць дадзеныя кожнага з прысутных супрацоўнікаў. Калі яны адмаўляюцца паказаць пасведчанне – не вядзіце ніякіх гутарак, уставайце і сыходзьце, бо вы не абавязаны гаварыць з незнаёмымі людзьмі. Прапануйце выклікаць вас афіцыйна і позвай. Калі просяць расказаць пра якія-небудзь акалічнасці – помніце пра ваша права не сведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх (арт. 27 Канстытуцыі). Не падпісвайце ніякіх папер, апроч пратакола допыту – у выпадку, калі вас выклікалі ў якасці сведкі.


Што рабіць, калі схіляюць да супрацы

Прапанаваць супрацу (а не схіляць) Вам могуць. Гэта прадугледжана Законам «Пра ворганы дзяржаўнай бяспекі». Аднак за Вамі застаецца права выбару, бо супраца магчыма толькі на добраахвотных пачатках. Калі ўсё ж да супрацы схіляюць шляхам пагроз ці шантажу, такія дзеянні з'яўляюцца незаконнымі, і па дадзеным факце трэба звяртацца ў пракуратуру са скаргай. Паведамце пра гэта ў СМІ. За складаннем скаргі па гэтым факце звярніцеся да праваабаронцаў.


Пры РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» дзейнічаюць грамадскія прыёмныя, у якіх дасведчаныя юрысты кансультуюць грамадзянаў па пытаннях, што датычацца парушэння правоў чалавека. Прыёмныя дні – аўторак, чацвер. Прыём ажыццяўляецца па папярэднім запісе або званку. Таксама Вы можаце задаць пытанне ў прыёмную праз электронную форму на сайце БХК. Па іншых пытаннях Вы можаце звярнуцца ў юрыдычныя клінікі.

Яшчэ па тэме

Калі з вамі спрабуе сустрэцца КДБ

Што рабіць, калі вас хочуць схіліць да супрацоўніцтва з КДБ

Что делать, если на вас «наехали органы» (Ликбез для свидетелей)

Правы сведкі