Інстытут імя Гётэ: Стыпендыі для выкладчыкаў нямецкай мовы

17.10.2012

Апошні тэрмін падачы дакументаў – 1 лістапада 2012 г.

Вы хацелі б прыняць удзел у семінары павышэння кваліфікацыі ў Германіі? Удасканаліць свае веды ў галіне мовы, методыкі і краіназнаўства, а таксама пазнаёміцца з Германіяй і ейнай культурай? У такім разе Вы можаце падаць дакументы на атрыманне стыпендыі для павышэння кваліфікацыі ў Германіі ў 2013 г. У дадзеным артыкуле Вы знойдзеце патрэбную інфармацыю аб тым, як падаць заяўку.

Вы можаце падаць заяўку на стыпендыю, калі Вы:

• з’яўляецеся настаўнікам нямецкай мовы альбо рыхтуеце будучых настаўнікаў нямецкай мовы, альбо займаецеся іх перападрыхтоўкай
• у бліжэйшыя некалькі гадоў будзеце працаваць настаўнікам нямецкай мовы альбо рыхтаваць настаўнікаў нямецкай мовы, альбо займацца іх перападрыхтоўкай
• гатовы перадаваць здабытыя на семінары веды калегам у Вашай навучальнай установе
• стала ўдзельнічаеце ў адукацыйных праграмах Інстытута імя Гётэ ў Беларусі, а таксама ў падрыхтоўчых ці паслякантактных семінарах, калі яны прапануюцца Інстытутам імя Гётэ
• належыце да мэтавай групы абранага семінара
• гатовы ўдзельнічаць у семінары ўключна з яго рамкавай культурнай праграмай
• маеце добрыя веды нямецкай мовы, г. зн. у стане ўдзельнічаць у гутарках і дыскусіях на нямецкай мове (выключэннем зяўляюцца семінары тыпу PL і DL „Sprache lernen“)

Стыпендыя ўключае ў сябе наступнае:

• Кошт заняткаў, а таксама кошт прадугледжаных праграмай экскурсій і наведванняў культурных мерапрыемстваў
• Кошт размяшчэння (у аднамесных ці двухмесных пакоях, уключаючы сняданак) на ўвесь час правядзення семінара
• Кошт абедаў у дні правядзення семінара (акрамя суботаў, нядзеляў і святочных дзён)
• Медыцынскую страхоўку, страхаванне ад няшчасных выпадкаў і адказнасці на час правядзення семінара, уключаючы пазначаныя ў запрашэнні дні прыезду і ад’езду, а таксама кошт транспарціроўкі на радзіму ў выпадку хваробы
• Выплату на іншыя выдаткі ў памеры 75 еўра за тыдзень, калі не будзе зменена форма размяшчэння (размяшчэнне і сняданак: 75 еўра за тыдзень, паўпансіён: 50 еўра за тыдзень, поўны пансіён: 25 еўра за тыдзень)
• Паўшальную выплату на праезд да месца правядзення семінара ў Германіі і назад

Мы прапануем Вам:

• Семінары для паглыблення ведаў мовы (тып PL і DL)
• Семінары для паглыблення ведаў у галіне краіназнаўства (тып L)
• Семінары для паглыблення ведаў у галіне краіназнаўства і методыкі выкладання нямецкай мовы (тып MD)
• Семінары для тых, хто рыхтуе настаўнікаў нямецкай мовы і займаецца павышэннем іх кваліфікацыі (тып F)

Спіс прапануемых семінараў Вы знойдзеце па наступным адрасе ў Інтэрнеце:

Спіс семінараў, якія прапануюцца ў 2013 г. 

Парадак падачы заяўкі:

• Захавайце размешчаны ніжэй фармуляр заяўкі на Вашым камп’ютары
• Поўнасцю запоўніце фармуляр і абярыце тры семінары, якія належаць да аднаго з наступных тыпаў: PL/DL альбо L 1, альбо L2–3, альбо MD 2–4, альбо F.
• Пазначце ў фармуляры Ваш сапраўдны паштовы адрас і адрас электроннай пошты
• Зноўку захавайце фармуляр і назавіце яго адпаведна ўзору Belarus_Name_Vorname.pdf (усё лацінскімі літарамі; калі ў Вас падвойнае імя, то пазначце яго асноўную частку)
• Дашліце запоўнены фармуляр на наступны адрас:

stipendien@minsk.goethe.org  

Фармуляр заяўкі (PDF, 762 KB) 

Падчас запаўнення фармуляра (pdf-файл) выкарыстоўвайце праграму Acrobat Reader 7 альбо яе пазнейшыя версіі. Калі неабходна, спампуйце актуальную версію дадзенай праграмы з Інтэрнэту.

Разам з фармулярам заяўкі дашліце нам, калі ласка, матывацыйны ліст (файл з тэкстам памерам каля адной друкаванай старонкі з апісаннем Вашай дзейнасці ў якасці выкладчыка нямецкай мовы і абгрунтаваннем выбару семінараў.

Апошні тэрмін падачы дакументаў: 1.11.2012.

Звярніце, калі ласка, увагу на тое, што фармуляры, не запоўненыя поўнасцю і няправільна названыя, не будуць разглядацца.

Асобы, якія падалі заяўкі, будуць паінфармаваны аб тым, ці былі яны адабраны ў якасці кандыдатаў на атрыманне стыпендыі, да канца снежня 2012 года. Паведамленне аб канчатковым запісе на семінар і дакумент, які пацвярджае запіс на яго, будуць дасланы кандыдатам на атрыманне стыпендыі да канца сакавіка 2013 года па электроннай пошце.

Стыпендыяты Інстытута імя Гётэ ў Мінску атрымліваюць шэнгенскую візу без аплаты консульскага збора. Паездку да месца правядзення семінара ў Германію і назад стыпендыят арганізуе самастойна.

Стыпендыяльная праграма падрабязна прадстаўлена на галаўным сайце Інстытута імя Гётэ. Там Вы знойдзеце, між іншым, апісанне семінараў, pdf-версію брашуры “Павышэнне кваліфікацыі ў Германіі ў 2013 г.” і шмат іншай карыснай інфармацыі (спасылку гл. ніжэй).

Інфармацыю па стыпендыяльнай праграме можна атрымаць у:

Нэлі Галянішчавай-Кутузавай
тэл.: +375 17 2377119, 2377126
stipendien@minsk.goethe.org  

Мы будзем рады Вашым заяўкам!

Спасылкі па тэме

Павышэнне кваліфікацыі ў Германіі ў 2013 г. (deutsch) 

Паводле goethe.de