Выйшаў дыск са «школьнымі» вершамі, запісаны галасамі знаных дзеячоў беларускай культуры. Зінаіда Бандарэнка, Зьміцер Барстосік, Сяргей Дубавец, Сяржук Сокалаў-Воюш і іншыя прачыталі для вучняў творы, якія ўваходзяць у школьную праграму. Генадзь Бураўкін і Анатоль Вярцінскі зачыталі вершы ўласнага аўтарства. Лявон Вольскі – вершы свайго бацькі Артура Вольскага. У выпуску аўдыё-выданьня таксама бралі ўдзел: Вольга Кашэвіч (фартэп’яна), Валер Бяляеў (гукарэжысэр), Ларыса Арлова (дызайн).
Ідэя прыйшла ў галаву кампазытарцы і выканаўцы Тацьцяне Матафонавай. Ідэя, як яна сама кажа, проста ад жыцьця:
«Мы з сынам Адасём аднойчы некуды спазьняліся-сьпяшаліся. І раптам ён мне кажа: „Мама, а я вершык не вывучыў, мне на заўтра“. Я хуценька гэты вершык на дыктафон запісала, і мы па дарозе яго слухалі, так і вывучылі. І ў мяне такая ідэя зьявілася – хай бы прафэсіяналы начыталі для ўсіх дзетак».
«Так хочацца, – кажа Тацьцяна, – каб нашыя дзеці атрымлівалі «дзясяткі», асабліва па беларускай літаратуры! Адась пачуе верш, які на дыску запісаны, і кажа: «Ой, а я гэты верш вучыў. А па гэтым вершы я дзясятку атрымліваў!»
Разам на дыску сабраныя каля 80 вершаў. Апроч таго – песьні на вершы беларускіх аўтараў у выкананьні Тацьцяны і Адася Матафонавых і Тацьцяны Беланогай. Паэт Генадзь Бураўкін кажа, што ягоных вершаў у школьнай праграме беларускай літаратуры год ад году не большае, а меншае. Ініцыятыву Тацьцяны Матафонавай ацэньвае выключна пазытыўна, а на пытаньне Радыё Свабода «чаму такога ня робіць Міністэрства адукацыі», адказвае:
«Вось і я такім пытаньнем ужо шмат гадоў задаюся!
На жаль, нашая дзяржава, складаючы праграмы, ня надта турбуецца пра тое, каб пазнаёміць дзяцей зь беларускай літаратурай. А наадварот, калі пачынаецца скарачэньне, то яно пачынаецца з гадзінаў беларускай літаратуры і мовы. Думаю, што гэта нейкім чынам – сьвядома ці несьсвядома – зьвязана зь дзяржаўнай палітыкай, далёкай ад патрэб беларускага грамадзтва. Больш нават замежнай мове ўвагі, чым нашай роднай. Любую справу, якая служыць прапагандзе роднага слова, роднай літаратуры, я гатовы падтрымаць».
Генадзь Бураўкін кажа, што ў школы яго па-ранейшаму запрашаюць: «І настаўніцы, і школьнікі вельмі адгукаюцца. У мяне нават уражаньне, што ім не хапае такога дыска-знаёмства зь беларускай літаратурай, ім не хапае добрага гучаньня беларускага слова. І гэтыя сустрэчы для мяне заўсёды пакідаюць вельмі прыемны сьлед у душы. Бо я пераконваюся, што беларусы ледзь ня хочуць самі адмовіцца ад сваёй мовы, ад свайго скарбу духоўнага. У мяне ўражаньне, што не хапае школьнікам далучэньня да нашай літаратуры.»
Прэзэнтацыя – 19 сьнежня а 19-й гадзіне ў кнігарні «Логвінаў» (Незалежнасці, 37а).
Радыё Свабода
Зьміцер Бартосік навучыць школьнікаў дэклямаваць байкі Крапівы
19.12.2012