X Конкурс школьных каманд «Што я ведаю пра Еўропу?»

19.03.2013

Апошні тэрмін – 8 красавіка 2013 г.

eu_logo+.png

Ініцыятыўная група Клубу еўрапейскіх настаўнікаў запрашае ўсiх настаўнікаў, зацiкаўленых у актуалiзацыi ведаў аб культурна-гістарычных, дзяржаўна-палітычных і сацыяльна-эканамічных сувязях Беларусі і Еўропы прыняць удзел у Дзясятым Нацыянальным конкурсе школьных каманд «Што я ведаю пра Еўропу?».

Конкурс 2013 года будзе прысвечаны тэме «Еўрапейскія і беларускія юбілеі і памятныя даты: людзі, падзеі, арганізацыі».

Конкурсныя заданні арыентаваныя на вучняў 8 – 11 класаў, каманда складаецца з 5 вучняў і кіраўніка. Падрыхтоўка да конкурсу і выкананне заданняў адборачнага тура і фіналу могуць быць выкарыстаны настаўнікамі для паглыблення ведаў па гісторыі Беларусі і Еўропы, а таксама ў якасці зместу пазакласнай выхаваўчай працы для настаўнікаў, зацікаўленых у выхаванні любові, гонару і патрыятычных пачуццяў да сваёй краіны.

Конкурс-2013 праводзіцца ў тры этапы:

1. Пісьмовы адборачны тур. Выкананне заданняў з’яўляецца ўмовай для ўдзелу ў адкрытых поўфіналах. Заданні адборачнага тура складзены з улікам заяўленай тэмы і арыентуюць на заданні паўфіналаў. Пры неабходнасці адбору камандаў для ўдзелу ў паўфіналах яго крытэрыем будзе вынік выканання гэтых пісьмовых заданняў. Адказы дасылаць праз зваротную сувязь сайта eurashkola.eu ці на электронны адрас igken11@gmail.com да 8 красавіка 2013 г. (Глядзі файл «Рэгістрацыя адказаў»)

Назва каманды:
Мясцовасць (горад, вёска):
Навучальная ўстанова (установа культуры, клуб):
Кіраўнік каманды:
Узрост удзельнікаў каманды:
Кантакты: маб.тэл., mail:

Правільныя адказы пісьмовага адборачнага тура будуць выкладзены на сайце з 8 па 14 красавіка.

2. Паўфіналы: плануецца правядзенне некалькіх рэгіянальных «жывых» паўфіналаў з удзелам заяўленых каманд. Месцы правядзення паўфіналаў будуць вызначацца з улікам тэрытарыяльнага размеркавання каманд (напрыклад: Брэст, Гродна, Мінск, Магілеў…).

3. Фiнал (камандная гульня з удзелам пераможцаў паўфіналаў). Фінал плануецца на пачатак ліпеня.

Паўфіналы конкурса плануецца правесці ў перыяд з 1 па 12 мая 2013 г. Дакладны дзень і месца правядзення спаборніцтваў для кожнай каманды будуць вызначаны пасля апрацоўкі ўсіх заявак да 18 красавіка. Транспартныя выдаткі кампенсуюцца арганізатарамі, запланавана кава-паўза і агульны абед пасля падвядзення вынікаў паўфіналу.

Усе каманды-ўдзельніцы атрымаюць ад арганізатараў конкурсу памятныя дыпломы, сувеніры, прызы.

Чакаем Вашага актыўнага ўдзелу ў конкурсе!

Спампаваць абвестку doc 32 Kb