Конкурс для дзяцей «Шукаем з Гарбузікам цуды свету»

26.03.2013

Апошні тэрмін – 30 красавіка 2013 г. 

Ці ведаеш ты, дружа, што жывеш у незвычайным свеце, поўным цудаў? Побач з намі знаходзяцца дзівосныя творы прыроды – і дасканалыя дасягненні людской культуры!

Егіпецкія піраміды, вадаспад Вікторыя, Вялікая кітайская сцяна, азёры і балоты Беларусі, рымскі Калізей, джунглі Амазоніі... Стагоддзямі людзі складалі свае спісы цудаў свету, апавядалі пра іх легенды, марылі туды патрапіць.

Паўдзельнічай у новым конкурсе дзіцячага часопіса «Гарбузік»! Раскажы пра цудоўнае месца ці з’яву, якія табе давялося пабачыць. Можаш прыдумаць сваю гісторыю ці легенду пра гэты цуд. Дашлі нам сваё апавяданне – і тваё імя трапіць на старонкі часопіса, а твой цуд увойдзе ў спіс цудаў свету «Гарбузіка».


На тэрыторыі Беларусі больш за 10 тыс. азёраў – фота nn.by

Найлепшыя аповеды мы надрукуем ў новым нумары «Гарбузіка». Удзельнікаў і пераможцаў конкурсу чакаюць цікавыя прызы і прыемныя неспадзяванкі.

Знайдзі з «Гарбузікам» свае цуды свету!

Умовы конкурсу:

На конкурс прымаюцца апавяданні на беларускай мове. Пажаданы памер тэксту – 1–2 старонкі (1800–2500 знакаў). Пры жаданні да тэкстаў можна далучыць здымкі ці малюнкі. У конкурсе можна паўдзельнічаць у адной з намінацыяў:

- дзеці да 6 год,
- дзеці 7–10 год,
- дзеці, старэйшыя за 10 год.

У заяўцы пазначце: імя і прозвішча ўдзельніка, узрост, навучальную ўстанову, адрас.

Апавяданні на конкурс прымаюцца да 30 красавіка 2013 г. на паштовы адрас 220029 Мінск а/с 57 альбо на email harbuzik.by@gmail.com

Паводле dzietki.org