У Міжнародны дзень роднай мовы 21 лютага сёлета скульптар Гэнік Лойка, чые дзеці вучацца ў гімназіі №4 г. Мінска, правёў на ганку гімназіі творчую акцыю супраць русіфікацыі беларускамоўных школаў. Непасрэднаю прычынаю акцыі было юрыдычна хібнае ўпісанне ў статут гімназіі пункту пра дзве мовы навучання ў ёй. Бацькі вучняў-гімназістаў пры дапамозе Таварыства беларускай школы падрыхтавалі ліст-заяву, адрасаваную дырэктару гімназіі ды Фрунзенскаму РУА г. Мінска. 3 красавіка 2013 г. дэлегацыя бацькоў навучэнцаў 4-й гімназіі г. Мінска і Таварыства беларускай школы наведала дырэктара гэтай установы сп. Ю. Бандарэнку.
Бацькі перадалі калектыўную заяву, падпісаную 32 чалавекамі, з просьбай выправіць хібы ў Статуце гімназіі, вярнуўшы беларускай мове статус адзінай мовы навучання і выхавання, а таксама забяспечыць у гімназіі адзіны моўны рэжым. Размова атрымалася канструктыўнай. Дырэктар гімназіі паабяцаў выправіць відавочную памылку ў Статуце, а бацькі навучэнцаў прапанавалі дапамогу навучальнай установе ў стварэнні беларускамоўнага і творчага асяроддзя для дзяцей.
Паэт і грамадскі дзеяч Генадзь Бураўкін, чые ўнукі вучыліся ў гімназіі, сказаў, што, беларусы – у тым ліку бацькі і настаўнікі – павінны працаваць разам, дапамагаць адзін аднаму, каб захаваць не толькі беларускамоўнае выкладанне, але і беларускія каштоўнасці ды перадаць іх дзецям. Ён падзяліўся ўласным досведам стварэння беларускамоўнай прасторы на беларускім тэлебачанні у 90-х гадах.
Дапамогу гімназіі прапанавала і Таварыства беларускай школы. Сябры ТБШ гатовыя правесці навучальныя семінары для педагогаў на тэмы сучасных методык, якія спрыяюць росту матывацыі да навучання, развіваюць навыкі, патрэбныя сучаснаму чалавеку, і якасці, неабходныя грамадзяніну Беларусі. Дырэктар гімназіі Ю. Бандарэнка і яго намесніца А. Калтовіч выказалі зацікаўленасць у такой супрацы.
Кіраўнікі гімназіі правялі міні-экскурсію для гасцей. Яны паказалі школьны этнаграфічны музей і бібліятэку з мастацкай калекцыяй, у якой гасцей асабліва ўразіла скульптура Г. Лойкі “Уладзімір Караткевіч”.
Сустрэча ў 4-й гімназіі
05.04.2013