ТБМ запрашае вучняў на курсы

15.04.2013

Кожныя панядзелак і серада

На бясплатнай аснове кожны ахвочы можа палепшыць свае моўныя веды і практыку, удасканаліць веды па гісторыі і культуры Беларусі.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў: «Заняткі ладзяцца ў дзвюх узроставых групах: навучэнцы 7–8 класаў і 9–10 класаў. Выкладаюць у асноўным кандыдаты і дактары навук. Глыбока вывучаем беларускую мову, гісторыю, літаратуру. Як сведчаць першыя водгукі, дзецям вельмі цікава. Запрашаем далучацца і іншых – перадусім тых, хто хоча глыбей даведацца пра нашу гісторыю, мову, культуру. Курсы будуць працягвацца яшчэ некалькі месяцаў».

Адзін з выкладчыкаў моўных курсаў – мовазнаўца Лявон Баршчэўскі. Ён кажа, што магчымасць атрымаць дадатковыя веды спрыяльна адбіваецца на паспяховасьці наведнікаў, што дэманструе досвед апошніх гадоў:

«Ужо сем гадоў пры ТБМ працуюць курсы для дзяцей, якія хочуць падцягнуць, вывучыць, набыць дасканаласць у беларускай мове  – як вуснай, так і пісьмовай. Гэтаксама даюцца добрыя веды па гісторыі: перадусім па гісторыі Беларусі, але крыху і па агульнай гісторыі. Гэтыя курсы дапамагаюць дзецям нашмат лепш рыхтавацца да агульных іспытаў за базавую школу, за сярэднюю школу. Таму запрашаем дзяцей з 7 па 10 класа. Заняткі – кожны панядзелак і кожную сераду ад 16-й гадзіны да 18-й – вядуць вопытныя выкладчыкі з навуковымі ступенямі, асы сваёй справы. Як правіла, вынікі супольных заняткаў паказвалі: дзеці, якія хадзілі на гэтыя курсы, вельмі добра потым здавалі іспыты ў сваіх школах».

Курсы па беларускай мове і гісторыі ладзяцца ў мінскай сядзібе ТБМ па адрасе вуліца Румянцава, 13 кожныя панядзелак і сераду.

Ігар Карней, Радыё Свабода