3 1 па 12 мая ў Магілёве, Гродна і Мінску адбыліся паўфінальныя гульні юбілейнага, Х Нацыянальнага конкурсу школьных каманд «Што я ведаю пра Еўропу?». У гэтым спаборніцтве сышліся 15 школьных каманд з розных навучальных устаноў нашай краіны.
У юбілейны год агульная тэма гульні адпаведная – «Еўрапейскія і беларускія юбілеі і памятныя даты: людзі, падзеі, арганізацыі». Каманды прайшлі праз выпрабаванні 4 конкурсаў: пісьмовы тэст па гісторыі ЕС, брэйн-рынг на юбілейных і памятных датах краін ЕС, заданне па нацыянальна-вызваленчым паўстанні 1863–1864 гг., медыяазбука «Беларусь і Еўропа: асобы-юбіляры 2013».
Вядомы беларускі акцёр і тэлевядоўца Юрась Жыгамонт бліскуча правёў 4 паўфінальныя гульні. У склад журы ў розных рэгіёнах уваходзілі вядомыя грамадскія дзеячы, пісьменнікі, гісторыкі. Журы справядліва судзіла і цікава каментавала гульню.
Гульні праходзілі вельмі дынамічна, а падчас спаборніцтваў панавала атмасфера інтэлектуальнага свята. У магілеўскім паўфінале пераканаўча перамагла каманда «Еўра-М», якая так расшыфравала сваю назву: Еўрапейскасць.Унікальнасць. Розум. Адзінства. Магілёў. У Гродна бліскуча выйграла спаборніцтва каманда з Навагрудка «Беларускае кола», якая была чэмпіёнам нашага конкурсу ў 2010 годзе. У мінскіх паўфіналах сітуацыя развівалася інакш: гульні праходзілі ў жорсткай канкурэнцыі і інтрыга захоўвалася да апошняга задання. У трэцім паўфінале перамагла бывалая каманда «Разам» з Маладзечна, а ў чацвёртым – навічкі – жодзінская каманда «DVDend».
Падрыхтавалі каманды-пераможцы найлепшыя беларускія настаўнікі: Юрась Каласоўскі, Валянціна Быстрык, Валянціна Сюркова і Святлана Апанасевіч. Вялікі ім за гэта дзякуй!
Фінальная гульня адбудзецца 6 ліпеня.
Матэрыялы пра конкурс, архіў заданняў і фотаздымкаў, прэзентацыі каманд можна паглядзець на сайце eurashkola.eu.
Конкурс немагчыма было б правесці без падтрымкі партнёраў – Амбасады Літоўскай рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Асацыяцыі па міжнародных пытаннях (Чэхія), Міжнароднага кансорцыюма «ЕўраБеларусь», а таксама без удзелу Офіса за дэмакратычную Беларусь (Бельгія), Асветніцкай ўстановы «Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый», Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Рэспубліцы Беларусь і Беларускага Шуманаўскага Таварыства. Вялікі ім усім дзякуй за гэта!
Аргкамітэт конкурсу 




Паўфінал X Конкурсу школьных каманд «Што я ведаю пра Еўропу?» (Вынікі, фота)
16.05.2013



