Мінск: Прэзентацыя падручніка і круглы стол па праблемах выкладання грамадскіх навук

18.09.2013

18 верасня 2013 г.

Выкладанне грамадскіх дысцыплін у школах Беларусі: ад крытыкі да канструктыўнай альтэрнатывы – прэзентацыя падручніка і круглы стол.

Мінск, канферэнц-зала гатэля «Еўропа» (вул. Інтэрнацыянальная, 28). 18 верасня 2013 г., 19.00 – 21.30.

Выкладанне грамадскіх дысцыплін у беларускіх школах, параўнальна з іншымі прадметамі, сутыкаецца з асаблівымі праблемамі. Спажываныя ў адукацыйным працэсе падручнікі па грамадазнаўстве з’яўляюцца наўпростым адлюстраваннем ідэалагічных пастулатаў, якія беларуская ўлада спрабуе навязаць грамадству.

Гэтыя пастулаты даволі тыповыя для неліберальнай аўтарытарнай дзяржавы. Яны абвяшчаюць прыярытэт агульнага над прыватным, парадку над свабодай, стабільнасці над прагрэсам, камандна-адміністрацыйных метадаў над рынкавай эканомікай, а рашэнні ўрада ставяцца вышэй за ўсвядомлены выбар свабодных грамадзян.

Усе гэтыя ідэі дзеці вымушана засвойваюць ў школе. Бо без дастатковага жыццёвага досведу ці наяўнасці альтэрнатыўных крыніц інфармацыі яны аказваюцца безабароннымі перад ідэалагізаванай падачай матэрыялу. Ім цяжка зрабіць больш збалансаваныя высновы пра сацыяльныя з’явы, чым тыя, якія падаюцца ў афіцыйных падручніках.

Адзіны спосаб супрацьстаяць гэтаму – забяспечыць школьнікаў альтэрнатыўнымі тлумачэннямі і ідэямі, а затым дазволіць ім выбраць тое, што для іх бліжэй.

Менавіта такую мэту паставіў перад сабой «Ліберальны клуб», калі ўзяўся за падрыхтоўку альтэрнатыўнага дапаможніка па дысцыпліне «Грамадазнаўства». 18 верасня адбудзецца прэзентацыя гэтага дапаможніка, а таксама круглы стол па праблемах выкладання грамадскіх навук у школах.

Удзел вольны!

на liberalclub.biz