Лёс беларускай школы ў Глыбокім

25.09.2007

Глыбокае: лёс беларускамоўнага навучання вызначыць галасаванне
Вячаслаў Кулік, Радыё Свабода
Сёння ў 16 гадзін ў адзінай у Глыбокім беларускамоўнай школе №3 мае адбыцца канферэнцыя выкладчыкаў, бацькоў і навучэнцаў. У парадку дня – галасаванне па зменах у статуце навучальнай установы. З 1 верасня тут створанаы рускамоўны клас, а гэта пярэчыць статуту. Намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Яраслаў Берніковіч паведаміў Радыё Свабода, што на канферэнцыю ў СШ №3 абраныя шмат дэлегатаў, якія будуць галасаваць супраць стварэння класаў з рускай мовай навучання. “Напярэдадні больш як 30 чалавек паставілі свае подпісы пад зваротам да кіраўніка Савету бяспекі Віктара Шэймана, – кажа Яраслаў Берніковіч, – мы лічым, што беларуская мова з'яўляецца адным з атрыбутаў дзяржаўнасці Беларусі. Падобных дзеянняў па закрыцці нацыянальных школ няма ні ў адной з нашых суседніх краінаў”. Раней Радыё Свабода паведамляла, што ініцыятыва стварыць у школе рускамоўнае навучанне сыходзіць ад бацькоў – мясцовых камерсантаў, а таксама ад дзядуляў вучняў – дзяржаўных чыноўнікаў (адзін дзядуля – чыноўнік Гандлёвай палаты, другі – дэпутат у абласным савеце). па тэме https://nastaunik.eu/news/245