Талькаўскі фэст усё ж такі адбыўся

17.10.2007

Талькаўскі фэст усё ж такі адбыўся
7 кастрычніка ў Тальцы сёмы раз прайшоў Талькаўскі фэст. Але сёлета над святам музыкі і спеваў навісла пагроза. Аказваецца, на гэты раз трэба было падаць заяўку на масавае мерапрыемства за 15 дзён. Арганізатарцы свята настаўніцы Наталлі Ільініч паведамілі, што дзверы клуба для культурнага мерапрыемства будуць зачыненыя. Няўжо ў нашай краіне ўжо нельга спяваць без дазволу?!
З гэтай прычыны на свята песні не даехалі дзіцячыя гурты, паэты з літаратурнага аб'яднання «Мар'інка». Але фэст прайшоў трошкі ў іншым фармаце, чым планавалася. Прыехалі тыя, хто не спужаўся забароны: моладзь з Мар'інай Горкі, з Мінска, Магілёва, Асіповічаў, Пінска, Рэчыцы, Салігорска. Спяваў свае песні бард Андрэй Мельнікаў з Гомеля, іграў на дудзе і спяваў Зміцер Сідаровіч, а моладзь падпявала і танчыла народныя танцы. Чытала свае вершы паэтка Таццяна Барысік з Магілёва, спявалі Аляксей Галіч, Мікола Рудакоўскі, Ганна Чумакова, Ігар Сімбіроў. Прайшло свята на гістарычным месце: у лесе, на той палянцы, дзе ў пачатку 1930-х гадоў стаяла «стража» – хата-леснічоўка, дзе летаваў з сям'ёй Якуб Колас. Не перашкодзілі фэсту кароткачасовы дождж, а таксама машыны, што ездзілі па Тальцы следам за гасцямі.
Фотаздымкі з фестывалю глядзіце тут.