У Беластоку адбылася прэзентацыя навучальнага алфавіту

06.10.2008

Беластоцкія настаўнікі дапамагаюць беларускім
У Беластоку адбылася прэзентацыя паказнога алфавіту для навучання беларускай мове першакласнікаў. Дапаможны метадычны матэрыял выдала Аб’яднанне бацькоў АБ-БА.
Алфавіт – гэта асобныя карткі, якія паказваюць літары і малюнкі да іх, апрача таго ў камплект ўключаны дапаможныя матэрыялы для вывучэння беларускай граматыкі. Як зазначыла Тамара Мацкевіч, намеснік старшыні Таварыства беларускай школы, кіраўнік адукацыйнага аддзела “Цэнтра Супольнасць”, якая адмыслова прыехала з Мінску ў Беласток, такое выданне вельмі дачасу, бо сённяшнія вучні патрабуюць больш вобразных дапаможных матэрыялаў, уключаючы музычныя і лічбавыя прэзентацыі. " Каб атрымаць складнік, які мы называем веды, абавязкова патрэбныя іншыя методыкі. Не проста перадача інфармацыі, а яшчэ кампутарнае засваенне, навучанне з дапамогай інтэрнтэту, камунікацыйных тэхналогіяў. Калі казаць пра навучанне беларускай мовы, дык мне здаецца, што вельмі важна выкарыстоўваць актыўныя методыкі навучання, бо нашыя дзеці жывуць не ў беларусмоўным асяроддзі".
Алфавіт на патрэбы сваёй працы стварыла настаўніца беларускай мовы Аліна Ваўранюк, якая падзялілася ім з калегамі па прафесіі, а таксама падаравала некалькі асобнікаў Таварыству беларускай школы, якія будуць перададзеныя ў беларускамоўныя школы.
Паводле Радыё Рацыя.