“Каб выкладаць гісторыю на мове, трэба атрымаць згоду бацькоў і дзетак"

14.11.2008

“Каб выкладаць гісторыю на мове, трэба атрымаць згоду бацькоў і дзетак"

10- і 11-класнікі яшчэ не вывучалі гісторыю Беларусі ў гэтым годзе. З-за скарачэння гадзін і аб'яднання з cусветнай гісторыяй школьнікі будуць вывучаць гісторыю сваёй краіны толькі з трэцяй чвэрці. І, як даведалася Еўрарадыё, гэта яшчэ не ўсе «асаблівасці" вывучэння гісторыі Беларусі пасля рэформы.


Намесніца дырэктара школы №52 Валянціна Петрыкевіч кажа, што год таму гісторыя Беларусі вывучалася 34 гадзіны ў год. Сёння ад яе засталося толькі 19 гадзін.


Валянціна Петрыкевіч: «Гісторыя Беларусі ва ўсіх школах з гэтага года будзе вывучацца з трэцяй чвэрці адну гадзіну ў тыдзень. 19 тыдняў — значыць, дзевятнаццаць гадзін. Раней таксама была адна гадзіна ў тыдзень, але гэта было на працягу ўсяго года. У нас было 34 тыдні вучэбных».


Паводле слоў выкладчыка ліцэя горада Барань Таццяны Лабанавай, у 10-м класе гісторыя Беларусі вывучаецца пачынаючы з перыяду… Беларусь у складзе Расійскай імперыі!


Таццяна Лабанава: «А паўтарэнне ― вось гэта ў іх прапушчана. То бок, яны толькі XIX і ХХ стагоддзі пачынаюць ― Беларусь у складзе Расійскай імперыі".


Як удакладняе настаўнік Талькаўскай сярэдняй школы Наталля Іллініч, сёння ў адзінаццатым класе праграму колішняга 10-га класа праходзяць «па вярхах».


Наталля Іллініч: «Проста аглядна. Каштоўнасці антычнага і старажытнага свету. За адзін урок тое, што мы раней праходзілі паўгода ў 10 класе».


«У выніку, калі ёсць жаданне ― можна самім паўтарыць», — кажа метадыст Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Ларыса Жарко. Паводле слоў метадыста, на паўтарэнне гісторыі Беларусі да XIX стагоддзя ў праграме адводзіцца цэлыя 3 (!) гадзіны.


Ларыса Жарко: "Ідзе тры ўступных урока. У «Настаўніцкай газеце» усё гэта было апублікавана».


Аўтар школьнага падручніка па гісторыі Беларусі, выкладчык гістфаку БДУ Павел Лойка кажа, што і раней гісторыю вывучалі па-мінімуму. Што тады казаць пра тое, што адбываецца цяпер:


Павел Лойка: «Вядома, я гэта не вітаю. Я стаяў ля вытокаў, калі ўводзілі ў школах гісторыю Беларусі. Гэта быў яшчэ 93-ці год. Выбралі тое, што ў нас асобна будзе вывучацца сусветная гісторыя, асобна — гісторыя Беларусі. Іх і так, гэтых гадзін, было не так шмат – адзін урок на тыдзень. Гэта мінімум хаця б 1 гадзіна на тыдзень».


Зусім дзіўная сітуацыя, паводле слоў саміх выкладчыкаў, з вывучэннем гісторыі Беларусі на матчынай мове.


Таццяна Лабанава: «Проста даходзіць да смешнага. Калі мы жадаем выкладаць па-беларуску, мы павінны атрымаць згоду бацькоў і дзяцей. А потым замовіць падручнікі на беларускай мове».