Яшчэ раз пра дыск «Гадуем беларусаў"
Увага! Nastaunik.info нагадвае: усе навучальныя і адукацыйныя ўстановы, настаўнікі і выхавацелі могуць атрымаць дыск бясплатна. Дастаткова напісаць ліст з адрасам і назвай установы на nastaunik.info@gmail.com.
Прапануем ініэрв'ю газеты «Наша Ніва» са складальніцай дыска «Гадуем беларусаў" Тамарай Мацкевіч.
Педагог і грамадская дзяячка Тамара Мацкевіч перакананая, што трэба гадаваць беларусаў, а не перавыхоўваць ужо дарослых. Яна прапануе настаўнікам і дзецям дыск «Гадуем беларусаў» — мультымедыйную складанку дапаможных матэрыялаў для настаўнікаў і бацькоў. Першая яго частка разлічаная на дашкольнікаў і малодшых школьнікаў. Сярод іх камп’ютарная версія «Чытанкі для дзіцячых садоў» Пятра Садоўскага і Вінцука Вячоркі, камп’ютарныя гульні і мульцікі, фанаграмы да дзіцячых песень і караоке, цэлыя падручнікі з апісаннем, як вучыць дзяцей роднай мове ў чужамоўным асяроддзі, складзеныя дзіцячыя песенькі, п’есы для дзіцячага тэатру, дыяфільмы, размалёўкі, навучальныя кліпы, створаныя шматлікімі бацькамі для сваіх дзетак. У дыск увайшлі і некалькі паўнаметражных дзіцячых фільмаў, дубляваных па-беларуску…
Тамара Мацкевіч: Ідэя зрабіць складанку для таго, каб кожны настаўнік меў пад рукой сучасныя сродкі для выхавання беларусаў ды мог стварыць ці пашырыць беларускамоўную адукацыйную прастору для нашых дзетак, нарадзілася перад паездкай у Беласток. Год таму мяне запрасілі на сустрэчу з беларускімі настаўнікамі Беласточчыны: каб пацешыць прэзентам тамтэйшых беларусаў, я прыдумала запісаць для кожнага настаўніка дыск з карыснымі для выхавання матэрыяламі. Ідэя спадабалася: настаўнікі паназбіралі свае распрацоўкі, і таму, прыехаўшы дахаты, я мела ў 2 разы больш матэрыялаў.
Ну, вельмі мала ў нас школьных песень, навучальных фільмаў і кліпаў, мульцікаў, камп’ютарных гульняў! Амаль няма песняў пра школу, настаўнікаў, першае каханне, школьных сяброў…
Матэрыялы збіраліся больш за 10 гадоў, больш за сто аўтараў ахвяравалі свае напрацоўкі.
Стваральніца парталу для бацькоў-беларусаў «Нашыя дзеткі» dzietki.org Юля Малахоўская здолела зрабіць карыстанне матэрыяламі настолькі зручным, што кожны настаўнік можа адчуць сабе камп’ютарным геніем: караоке-плэер працуе аўтаматычна, файлы капіююцца, настаўнік можа лёгка перарабіць іх пад свае патрэбы. Аднак, нягледзячы на такія выданні, як «Гадуем беларусаў», пакуль нашыя дзеці збольшага спяваюць, глядзяць, гуляюць у чужое, а мы губляем пакаленне за пакаленнем. Дзеці вырастаюць, не адчуваючы, што яны беларусы, маюць комплексы, імкнуцца з’ехаць ад праблемаў, а не адчуваюць, што гэта іх абавязак – будаваць сваю краіну.
Усё ж, беларуская дзяржава за беларускую адукацыю ці не?
ТМ: Кожная дзяржава стварае такую адукацыйную сістэму, якая адпавядае яе палітычнай сістэме. Сённяшняя дзяржава не зацікаўленая, каб беларусы ўсвядомілі свае нацыянальныя карані, узгадалі традыцыйныя каштоўнасці.Тады ж высветліцца, што абсалютная большасць нашых грамадзянаў — прадстаўнікі заходняй цывілізацыі: яны маюць еўрапейскую ментальнасць, каштоўнасці, а дэмакратыя — гэта наш цывілізацыйны выбар. Цяпер дзяржаве лягчэй маніпуляваць масавай свядомасцю. З дапамогай ідэалогіі і прапаганды можна навязаць народу неўласцівыя еўрапейскай нацыі ідэалы калектывізму, «моцнай рукі», ахвяраў дзеля стабільнасці і парадку, укласці ў галаву, што нашая краіна стаіць на раздарожжы паміж захадам і ўсходам, напрыдумляць «старэйшых братоў» ды «імаверных праціўнікаў». Пакуль беларусы нашай дзяржаве перашкаджаюць.
Як вам такая формула: у школе вучымся па-расійску, дома — па-беларуску. Ці мае яна хібы і перавагі? Наагул: вопыт пазашкольнай адукацыі - ці вартая гэта рэч?
ТМ: Для большасці, на жаль, няма іншага выйсця. Галоўнае, каб былі сем’і, дзе надаецца ўвага каштоўнасцям: мове, маральным нормам, добрай адукацыі. А хатняя і пазашкольная адукацыя — заўсёды карысная рэч, яна ж запаўняе прагалы сістэмнай, таму больш сучасная, гнуткая. Параўнайце веды, якія дае рэпетытар і школа.
Беларускамоўным бацькам хачу параіць, каб яны быць не толькі носьбітамі сваёй культуры, але і стваральнікамі сваёй культуры. Выхаванне — гэта не словы, а справы. Па-другое, не абмяжоўвацца традыцыйнай культурай — фальклорам, саломапляценнем і г.д. Так мы рызыкуем стварыць рэзэрвацыю для беларускага. Трэба імкнуцца каб ўсё сучаснае і самае прывабнае : цацкі, кніжкі, гульні, камп’ютарныя праграмы, фільмы — таксама было беларускім. Калі няма — давайце ствараць разам.
Ці пойдзе вашая кружэлка ў школы? Ці ёсць на яе попыт з боку міністэрства адукацыі?
ТМ: Мы дасылаем “Гадуем беларусаў” у любыя навучальныя ўстановы — дастаткова да нас звярнуцца праз сайт nastaunik.eu ці праз Таварыства беларускай школы. Дыск не для камерцыйнага карыстання. Проста так рассылаць — мала карысці. Мы стараемся, каб дыск патрапіў да тых, хто будзе ім карыстацца. Наш дыск маюць бібліятэкі ўсіх сталічных школаў, дзе ёсць беларускія класы, беларускія дзіцячыя садкі. Па дыск звяртаецца шмат людзей — наклад амаль разыйшоўся.
У міністэрства адукацыі не пыталіся. Калі звернуцца— дашлем і ім. Мы гатовы да супрацоўніцтва. Дзякуй Богу, пакуль беларусаў у Беларусі большасць, хаця мне здаецца, што ў нашай краіне стварыць школу для нацыянальнай меншыні нашмат прасцей, чым для тытульнай нацыі.
На чарзе «Гадуем беларусаў-2», дзе пашыраны раздзел «Метадычная скарбонка», будзе шмат матэрыялаў для пазакласнай працы: сцэнары школьных святаў і трэнінгаў для падлеткаў, навучальныя відэаролікі, аўдыёкнігі, віктарыны, гульні, падручнікі па вучнёўскім самакіраванні і школьнай журналістыцы, дапаможнікі для правядзення гурткоў, клубаў па інтарэсах. Дыск будзе мець шмат дапаможных матэрыялаў для грамадзянскай адукацыі і нацыянальнага ўзгадавання.
ТМ: Сяржук Сокалаў-Воюш даслаў нам цудоўныя вершы, а кампазітары, сярод якіх настаўнікі музычных школаў, салісты філармоніі, напісалі песні. Так што настаўнікаў і старшакласнікаў чакаюць музычныя сюрпрызы. Хачу зьвярнуцца да нашых творцаў — найперш музыкаў, мастакоў, праграмістаў, кінематаграфістаў. Сябры! Заклікаю вас стварэння твораў для дзяцей па-беларуску!