23 красавіка у Магілёве прадстаўнікі мясцовай грамадcкасці, якія занепакоеныя лёсам беларускамоўнага школьніцтва, сустракаліся з начальнікам гарадскога аддзелу адукацыі Сяргеем Казловым. Гутарку з чыноўнікам ініцыявалі бацькі, ахвотныя вучыць сваіх дзяцей па-беларуску.
Журналістам прысутнічаць непасрэдна на сустрэчы не далі. Сяргей Казлоў пагадзіўся адказваць на пытанні Радыё Свабода па сканчэнні сустрэчы.
З журналістамі Сяргей Казлоў гаварыў па-руску. Чыноўнік адразу ж заявіў, што ў сістэме адукацыі Магілёва ёсць усё неабходнае для стварэння беларускамоўных класаў:
«Для таго, каб у Магілёве адчыняліся беларускія класы, патрэбнае жаданне бацькоў вучыць дзяцей на беларускай мове. У нас ёсць падручнікі, у нас ёсць настаўнікі, якія гатовыя выкладаць прадметы па-беларуску. Засталася справа і ў малым і ў вялікім — гэта ахвочыя вучыцца на беларускай мове».
— Колькі ж дзетак патрэбна для адкрыцця класа?
— Для адкрыцця такога класа пажадана чатырнаццаць-пятнаццаць чалавек.
— Летась аддзел адукацыі Ленінскага райвыканкаму заяўляў, што гатовы адчыніць клас нават для аднаго вучня. Нешта змянілася за год?
— На сённяшні дзень мы сабе клас з адным вучнем дазволіць не можам. У Магілёве навучаецца зараз 34 тысячы 700 вучняў, і калі мы будзем адчыняць клясу з адным вучнем, то гэта будзе на шкоду астатнім вучням. Сапраўды, паводле міністэрства адукацыі, можна адчыняць класы і з аднаго вучня, аднак па фінансавых дысцыплінах аплата працэсу навучання і атрымання заробкаў лічыцца да 14 чалавек.
— Чаму, на думку кіраўніка аддзелу адукацыі, бацькі не хочуць аддаваць сваіх дзяцей у беларускамоўныя клясы?
— З 1996 да 2004 году ў горадзе існавала нацыянальная гімназія з вывучэннем усіх прадметаў на беларускай мове.
У рэспубліцы няма вышэйшых навучальных устаноў, якія навучаюць на беларускай мове.
Вучні, якія скочылі гэтую ўстанову, веданне сваёй беларускай мовы нідзе выкарыстаць не маглі. У рэспубліцы няма вышэйшых навучальных устаноў, якія навучаюць на беларускай мове. На сённяшні дзень мы з вамі не знойдзем вышэйшай навучальнай установы, якая б праводзіла ўступную кампанію на беларускай мове.
Летась у Магілёве была толькі адна заява на беларускамоўнае навучанне. Заяву напісала Сям’я Бацюковых. Дактары аднак пастанавілі, што Міколка Бацюкоў мусіць яшчэ год пачакаць першага класа. Сёлета яго бацька зноў дамагаецца для сына навучання па-беларуску.
Паводле svaboda.org
«У сістэме адукацыі Магілёва ёсць усё неабходнае для стварэння беларускамоўных класаў
23.04.2010



