Вяртанне цікавасці грамадства да кнігі, да чытання – тэма, актуальная ва ўсім свеце. Намаганнямі прафесіяналаў-энтузіястаў арганізуюцца шматлікія акцыі, мерапрыемствы, распрацоўваюцца праграмы, скіраваныя на тое, каб у нашым імклівым жыцці Яе Вялікасць Кніга заняла належнае месца.
Кніга як захавальніца не проста інфармацыі, а і жывой энергетыкі яе стваральнікаў была і застаецца наймагутнейшым інструментам на шляху да спазнання чалавекам самога сябе і свету.
Калі ж гаварыць пра захаванне цікавасці да беларускай кнігі, то тут роля і адказнасць кожнага з нас павялічваецца стакроць. Бо гэта яшчэ і тэма захавання роднай мовы (у 2009 годзе ЮНЕСКА абвясціла беларускую мову сярод знікаючых моў), традыцый нашага народа. Гэта мы, сучаснікі, адказныя сёння за тое, каб захаваць і перадаць роднае слова нашым дзецям.
Рэдакцыі часопісаў «Бярозка» і «Бібліятэка прапануе» усведамляюць сваю адказнасць за выхаванне чытача і абвяшчаюць супольную рэспубліканскую акцыю «Чытаем па беларуску»! Няхай у яе будзе пачатак, але не будзе заканчэння! Пачалі гэтую акцыю 5 верасня гэтага года, калі ў Хойніках адзначаўся Дзень Беларускага пісьменства – вялікае традыцыйнае свята нацыянальнай кнігі.
Запрашаем бібліятэкараў усіх сістэм і ведамстваў, кіраўнікоў і метадыстаў гарадскіх і раённых устаноў культуры і адукацыі, выдаўцоў і пісьменнікаў, настаўнікаў і вучняў прыняць удзел у акцыі.
Асноўная мэта – стымуляванне цікавасці жыхароў Беларусі да беларускамоўнай літаратуры, павышэнне ролі мастацкай кнігі ў культурным жыцці краіны.
Мы прапануем наладжваць чытанне і абмеркаванне з дарослымі і дзецьмі твораў на беларускай мове. У бібліятэчных фондах есць кнігі беларускай паэзіі і прозы, да якіх захочацца далучыць наведвальнікаў бібліятэкі. Разам пачытаць і паслухаць, як прыгожа гучыць роднае слова! І адчуць радасць таго, што мы аддаем даніну павагі і любові нашым бацькам, дзядулям і бабулям, нашым далёкім продкам – стваральнікам прыгожай спеўнай мовы – і разам з тым, робім крок у тую будучыню, дзе ў беларусаў ёсць свой, не згублены ў вірлівым свеце, твар.
Рэдакцыі часопісаў «Бібліятэка прапануе» і «Бярозка» будуць чакаць допісаў ад тых, хто хоча актыўна ўдзельнічаць у акцыі.
У часопісе «Бібліятэка прапануе» з восьмага нумара бягучага года будуць друкавацца метадычныя парады па правядзенню мерапрыемстваў у межах акцыі, а ў “Бярозцы” вы знойдзеце шмат літаратурна-мастацкіх, навукова-пазнавальных, публіцыстычных твораў, цікавых для сумеснага чытання і абмеркавання. Плануем правесці ў рэспубліцы сустрэчы з пісьменнікамі, майстар-класы, выступленні арганізатараў акцыі на радыё і тэлебачанні, а ў красавіку 2011 года арганізаваць у Мінску сустрэчу актыўных удзельнікаў акцыі для абмеркавання сітуацыі з чытаннем беларускамоўнай кнігі, куды будуць запрошаны пісьменнікі, выдаўцы, прадстаўнікі міністэрстваў культуры, адукацыі, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Акцыя прадугледжвае аказанне бібліятэкам — актыўным удзельнікам дапамогі ў камплектаванні, у тым ліку ўручэнне бібліятэчак кніг беларускіх пісьменнікаў з аўтографамі.
Чытаем па-беларуску разам!
Рэспубліканская акцыя «Чытаем па-беларуску»!
15.09.2010