1–3 кастрычніка ў Беларусі пройдуць Еўрапейскія восеньскія дні назіранняў за птушкамі, зарганізаваныя грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) пры падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Акцыя традыцыйна праводзіцца прадстаўнікамі міжнароднай арганізацыі Birdlife International прыкладна ў 30 еўрапейскіх краінах. Для ўдзелу ў акцыі ўсім ахвотным неабходна выйсці на прыроду, палічыць віды птушак, іх колькасць, а таксама колькасць птушак, якіх не атрымалася распазнаць. Усе звесткі неабходна паведаміць у сакратарыят АПБ па тэлефоне ў Мінску (017) 2630613, па мабільных тэлефонах (029) 2230613 (МТС), (029) 1016887 (Velcom), sms на кароткі нумар 0841 або па e-mail: info@ptushki.org. Апошні тэрмін падачы звестак — 16.00 3 кастрычніка.
Раніцай 2 кастрычніка ў межах Еўрапейскіх дзён АПБ таксама арганізуе пляцоўкі назіранняў за птушкамі, на якіх распазнаваць птушак дапамогуць прафесіяналы.
У Мінску назіраць за птушкамі можна будзе ў Цэнтральным батанічным садзе і заапарку, у Брэсце — на вуліцы Набярэжнай, у Віцебску — у Батанічным садзе, у Гродне — у парку Жылібера. У Барысаве назіранне за птушкамі будзе арганізаванае на пешаходным мосце праз Бярэзіну, у Кобрыне — у парку імя Суворава, у Лунінцы — на ўчастку лесу ў бок вёскі Вулька-1, у Мядзеле — на набярэжнай возера Мястра, у Слоніме — у экалагічным цэнтры, у Слуцку — у эколага-біялагічным цэнтры навучэнцаў, у Шуміліне — на Шумілінскім возеры. У Іванаўскім раёне наглядальная пляцоўка будзе адкрыта ў школе вёскі Ляхавічы, у Сенненскім раёне — у школе № 2 гарадскога пасёлка Багушэўск ці Аляксеніцкай школе, у Слонімскім раёне — ва ўрочышчах Бекевічы.
Беларускія вынікі назіранняў за птушкамі будуць перададзены еўрапейскаму каардынатару ў Славакію. Чакаецца, што даныя з усіх краін пашыраць веды пра асаблівасці міграцыі птушак.
У 2009 годзе ў восеньскіх днях назіранняў у Беларусі ўзяло ўдзел 2.358 чалавек, якія вызначылі больш за 21 тыс. птушак 105 відаў. Па ўсёй Еўропе было ўлічана больш за 2,5 млн. птушак.
Еўрапейскія восеньскія дні назіранняў за птушкамі
29.09.2010