Новым міністрам адукацыі стаў доктар фізіка-матэматычных навук

30.12.2010

Аляксандр Лукашэнка прызначыў сёньня 18 новых міністраў ва ўрад Мясьніковіча. Міністрам адукацыі стаў былы рэктар ГрДУ, дэпутат парлямэнту Сяргей Маскевіч.



Былы рэктар Сяргей Маскевіч (пасярэдзіне) на фоне ўласнага партрэту ў ГрДУ. Фота fotogrodno.net

Сяргей Маскевіч трапіў у міністэрскае крэсла наўпрост з дэпутацкага, якое займаў апошнія 5 гадоў (двойчы выбіраўся ў Палату прадстаўнікоў ад Гародні). У парлямэнце ён узначальваў камітэт Палаты прадстаўнікоў па міжнародным справам і сувязям з СНД.

Паводле афіцыйнай біяграфіі, Маскевічу 57 гадоў, паходзіць ён з Шчучынскага раёну. Вучыўся і пачынаў кар’еру ў Гарадзенскім дзяржаўным пэдагагічным унівэрсытэце. Восем гадоў быў рэктарам Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Мае ступень доктара фізыка-матэматычных навук. Вядома, што раней Маскевіч займаўся «спэктраскапіяй біяарганічных малекул».

У 2006 годзе студэнты-стыпэндыяты праграмы імя Каліноўскага запатрабавалі забараніць былому рэктару Маскевіча ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу. Са словаў студэнтаў, цягам некалькіх гадоў з ГрДУ імя Янкі Купалы па палітычных матывах былі выключаныя 6 студэнтаў. На іх думку, былы рэктар «непасрэдна займаўся перасьледам і адлічэньнем з унівэрсытэту сябраў недзяржаўных арганізацыяў».

Так, у час кіраваньня Маскевіча з ГрДУ за графіці «Спынім русіфікацыю!» быў выключаны студэнт беларускай філялёгіі Яўген Скрабутан.

Таксама Маскевіч вядомы сваімі заявамі пра шкоду, якую можа нанесьці беларуская мова спэцыялістам у іх прафэсійнай дзейнасьці. У прыватнасьці, ён лічыць, што «чалавек, якому ўсе спэцыяльныя тэрміны будуць выкладаць па-беларуску, сутыкнецца з праблемамі ў прафэсійнай дзейнасьці».

Нагадаем, папярэдні міністар адукацыі Аляксандр Радзькоў сышоў у адстаўку разам з усім урадам 27 сьнежня.

Андрэй Сьмятаньнікаў, generation.by