Наталля Ільініч звярнулася да міністра адукацыі

02.02.2011

Настаўніца гісторыі з вёскі Талька Пухавіцкага раёна, з якой дырэктар школы не працягнула працоўны кантракт, звярнулася да міністра адукацыі Сяргея Маскевіча з просьбай садзейнічаць у аднаўленні на працы ў школе, у якой яна працавала больш за 25 гадоў.

Заказны ліст Наталля Ільініч даслала сёння. У ім яна піша пра тое, што ўжо добра вядома чытачам “Народнай Волі”. Наталлю звольнілі пасярэдзіне навучальнага года, не даўшы дапрацаваць нават да пенсіі па выслузе гадоў. Гэтае звальненне мела шырокі рэзананс. Да дырэктара школы Натталі Меркуль, старшыні раённага аддзела адукацыі Таццяны Чарнышовай звярнуліся былые выпускнікі, бацькі школьнікоў, у якіх Наталля Валянцінаўна выкладала гісторыю, з просьбай не звальняць яе з працы. Калегі Ільініч называюць яе педагогам ад Бога, унікальным настаўнікам, для якога галоўнае ў працы – навучальны працэс, веды.

“Звальненне адбылося ў сярэдзіне навучальнага года, таму ніякіх вакансій я не змагла знайсці і аказалася без працы і без сродкаў для існавання”, — звяртаецца да міністра Наталля Ільініч.

Яна піша, што за гады сваёй працы ў Талькаўскай школе не мела спагнанняў, толькі падзякі ад сваіх вучняў, іх бацькоў, калег і адміністрацыі. “На маю просьбу даць мне пісьмовае абгрунтаванне прычын непрадаўжэння са мною працоўнага кантракта, — піша Ільініч. — дырэктар не назвала ніводнай сур’ёзнай, вартай увагі, прычыны”. У лісце Ільініч дае падрабязныя тлумачэнні па ўсім тым заўвагам, якія дырэктар Наталля Меркуль палічыла дастатковымі, каб па сутнасці выкінуць яе на вуліцу.

Як адрэагуе Сяргей Маскевіч на зварот Наталлі Ільініч пакажа час. Зразумела, што ў яго сілах вырашыць гэтае пытанне, бо любы сумленны кіраўнік нясе адказнасць за кожнага свайго падначаленага. Хочацца спадзявацца, што міністр не стане сцвярджаць, што гэта справа толькі дырэктара школы. Менавіта так несур’ёзна каменціравала сітуацыю старшыня раённага аддзела адукацыі Таццяна Чарнышова, да якой каррэспандэнт “Народнай Воли” звярнулася з пытаннем: “Няўжо Пухавіцкаму раёну не патрэбны такія прафесійныя настаўнікі, як Наталля Ільініч?”…

Марыя Эйсмант, Народная Воля