Дзень роднай мовы 21 лютага ў Беларусі будзе адзначацца дыктоўкай. У Менску ўсе ахвотныя напісаць яе, а таксама праверыць свае веды ў роднай мове змогуць а 18 гадзіне ў Літаратурным музэі Максіма Багдановіча. Гэтай імпрэзай распачнецца вялікая праграма агульнанацыянальнай дыктоўкі.
Выбар месца дыктоўкі ў Менксу на пачатку агульнанацыянальнай акцыі невыпадковы, зазначыў адзін зь яе арганізатараў старшыня рэспубліканскай рады Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.
“Сёлета будзе 120 год Багдановічу. Мінулы раз дыктоўка была прысьвечаная Караткевічу, наступная будзе прысьвечаная Купалу і Коласу. Так што кожны год яна зьвязана зь нейкім нашым клясыкам”.
Удзельнікам дыктоўкі будзе прапанаваны адзін верш Максіма Багдановіча і невялікі ягоны публіцыстычны твор “Хто мы такія?”
21 лютага будуць пісаць дыктоўку жыхары Гомелю, Ліды, іншых гарадоў. У наступныя дні ажно да 25 сакавіка да яе далучацца прыхільнікі роднай мовы ўсёй Беларусі, кажа спадар Трусаў.
“23 лютага дыктоўка на гэтую ж тэму ў сядзібе ТБМ, потым будзе другі тур 15 сакавіка, і апошні тур 25 сакавіка. Так што дыктоўка ў Менску будзе ў чатыры этапы ў нас. Ну і па ўсёй Беларусі пройдзе – гэта ж агульнанацыянальная, дый за межамі Беларусі далучаюцца”.
Сёлетняя дыктоўка праводзіцца ўжо чацьвёрты раз і з кожным годам у ёй бярэ ўдзел усё больш і больш людзей, улучна замежнікаў. У папярэднія разы па-беларуску пісалі супрацоўнікі амбасадаў, акрэдытаваных у Менску. Прыкладам, пасол Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, падкрэсьліваючы гэткім чынам павагу да мовы народа, на зямлі якога яны працуюць.
З ГІСТОРЫІ ГЭТАГА ДНЯ
Міжнародны дзень роднай мовы, ці як яго яшчэ называюць, Міжнародны дзень матчынай мовы — адмысловы дзень, абвешчаны на 30-й сэсii ЮНЭСКА па прапанове Бангладэш у 1999 годзе. Гэта зроблена дзеля заахвочваньня лінгвістычнай разнастайнасьці і шматмоўнай адукацыі, а таксама дзеля спрыяньня ўсьведамленьня моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменьні, талерантнасьці і дыялёгу.
Дзень сьвяткаваньня — 21 лютага быў абраны таму, што ў гэты дзень у 1952 загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданьне мове бангла статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазьней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.
У Беларусі паводле дадзеных апошняга перапісу насельніцтва па-беларуску размаўляе 23 адсоткі жыхароў краіны.
Валянціна Аксак, Радыё Свабода
Сёньня – Міжнародны дзень роднай мовы
21.02.2011