ХАДАЙНІЦТВА
Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Таварыства беларускай школы” хадайнічае аб аднаўленні на працы настаўніцы Талькаўскай школы Ільініч Наталлі Валянцінаўны.
Наталля Ільініч – адна з актыўных сяброў РГА “Таварыства беларускай школы”, дабраахвотнай культурна-асветнай арганізацыі, якая аб’ядноўвае грамадзян з мэтай садзейнічання фарміраванню нацыянальнай адукацыйнай сістэмы ўсіх узроўняў (ад дашкольных да вышэйшых адукацыйных устаноў), захаванню і развіццю беларускай культуры і духоўнасці. Задачы і мэты дзейнасці, правы і абавязкі таварыства і яго сяброў зацверджаны адпаведнымі дакументамі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Наталля Валянцінаўна з’яўляецца не толькі актывістам грамадскай арганізацыі, дзейнасць якой спрыяе развіццю беларускай адукацыі, але і прыкладам высокай адданасці справе грамадзянскага выхавання падрастаючага пакалення, служэння Беларусі, яе працвітанню і гонару.
Пра гэта сведчыць 25-гадовая дзейнасць выдатнага педагога. Дзякуючы добрым ведам у галіне гісторыі і грамадазнаўства, якія выкладала Ільініч Н. В., выхаванцы Талькаўскай школы працягваюць навучанне ў розных вышэйшых і сярэдне-спецыяльных установах, працуюць у разнастайных галінах гаспадаркі нашай краіны. Прафесіяналізм Наталлі Ільініч грунтуецца не толькі на атрыманых ёю ведах у вядучай адукацыйнай установе (БДУ), але і на штодзённай працы і жаданні пастаянна падвышаць сваю кваліфікацыю. У апошні час Ільініч Н. В. неаднаразова праводзіла майстар-класы па методыцы краязнаўчай работы са школьнікамі для педагогаў з усёй Беларусі, сама была ўдзельніцай семінараў па інавацыйных метадах выкладання, яе публікацыі надрукаваныя ў дзяржаўных і недзяржаўных педагагічных выданнях і маюць высокі рэйтынг сярод калег.
Высокая кваліфікаванасць Ільініч Н. В. спрыяе пазакласнай і пазашкольнай дзейнасці, якая суладна дапаўняе і пашырае пазнанні, фарміруе навыкі і ўменні школьнікаў, выхоўвае высокія чалавечыя якасці. Напрацягу ўсёй сваёй педагагічнай дзейнасці Наталля Ільініч вядзе краязнаўчыя і фальклорныя гурткі, арганізуе вандроўкі па родным краі і памятных мясцінах, канцэрты, конкурсы, сустрэчы, афармляе музей. Мастацкія, навучальна-выхаваўчыя імпрэзы распаўсюджваюцца не толькі на Пухавіцкі край, але і на ўсю рэспубліку. На Талькаўскія фестывалі прыхільнікаў беларускай музыкі і паэзіі з’язджаюцца з усіх куткоў краіны.
Сарод шматлікіх публікацый Ільініч Н. В. варта адзначыць кнігу “Талька і наваколлі: краязнаўчыя нататкі пра Тальку, Арэшкавічы, Блужу, Мацеевічы, Суцін” (Мінск, 2004). Створаны настаўніцай і яе вучнямі сайт “Талька і наваколлі” стаў узорным набыткам для педагогаў краіны, крыніцай багатага педагагічнага досведу, адкрытым сэрцам любові да краю і дзяцей, адчыненым музеем Пухавіччыны для ўсяго свету.
Зважаючы на ўсё гэта РГА “ТБШ” у 2007 годзе ў ліку шасці лепшых педагогаў краіны ўручыла Наталлі Ільініч дыплом пераможца конкурса “Беларускі Настаўнік 2007 года”.
Добрыя набыткі Ільініч Н. В. мае і ў грамадскім жыцці. Да ўсяго ёсць справа ў неабыякавага чалавека. Не мае значэння ці гэта выбары, ці мясцовыя праблемы аднавяскоўцаў. Наталля Валянцінаўна мае сфармаваныя дэмакратычныя погляды, якія яна адкрыта і належна закону адстойвае. За дэмакратыяныя погляды і актыўную грамадзянскую пазіцыю чалавека ў дэмакратычным грамадстве не судзяць, і не для таго была ўведзена кантрактная сістэма, каб лепшага педагога можна было пазбавіць працы.
Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Таварыства беларускай школы” хадайнічае аб станоўчым вырашэнні пытання ў адносінах да Наталлі Валянцінаўны Ільініч, звязанага з неаб’ектыўным непадаўжэннем працоўнага кантракта і просіць аднаўлення яе на працы ў якасці настаўніцы Талькаўскай школы.
Старшыня РГА “Таварыства беларускай школы”
(дацэнт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага
ўніверсітэта імя Максіма Танка) Алесь Лозка
ТБШ хадайнічае, каб суд аднавіў настаўніцу на працы
10.03.2011