Мінск: Свята астраноміі

06.05.2011

7 мая

Заўтра ў Мінску пройдзе вялікае свята, прымеркаванае да Міжнароднага дня астраноміі. Яго арганізатарамі выступаюць абсерваторыя БДУ, Мінскі гарадскі планетарый і клуб аматараў астраноміі «Аш-ню».

Падчас свята 7 мая з 17.00 да 22.00 у парку імя Горкага будуць устаноўлены 20 тэлескопаў рознай магутнасці. Усе
ахвотныя змогуць бясплатна разгледзець сонечныя плямы, а пасля заходу сонца — месяцавыя кратэры і горы, у цемры — планету Сатурн.

У будынку гарадскога планетарыя будуць працаваць дзве выставы касмічных здымкаў. Апрача таго, з 17.30 да 20.00 там будуць арганізаваны тры навукова-папулярныя лекцыі па астраноміі.

Астранамічнае свята ладзіцца ў Мінску ў трэці раз. Летась яно выклікала вялікую цікавасць у публікі: аматары астраноміі назіралі за нябеснымі целамі да апоўначы.

Паводле Нашай Нівы