Рэдакцыя “Твайго стылю” атрымала эсэ, напісанае гарадзенцам, асуджаным да 4-х гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у акцыі 19 снежня. Эсэ прысвечана настаўніку юнака Алесю Госцеву.
Ёсць такія месцы, дзе ўсё пачынаецца.
Для кагосьці – гэта сціплы драўляны дамок на беразе Свіслачы, для кагосьці – насычаныя водарам спрэчак і валтузні паўкруглыя скляпенні мюнхенскай піўной, для кагосьці – пракураная піцерская кухня з адбітымі кафлямі (але гэта ўжо музычная сфера…).
Нашыя карані і вытокі звязаныя з сціплай каморкай паміж спортзалай і кабінетам сусветнай Мастацкай Культуры.
Лабараторыю “Карані і Вытокі” прыдумаў Алесь Пятровіч Госцеў, гарадзенскі педагог і краязнавец, а каморка сталася яе офісам і складам (у большай ступені).
Мы, вучні, неслі ў гэтую каморку ўсё, што знаходзілі падчас археалагічных і этнаграфічных выцечак.
Тут можна было знайсці абсалютна ўсе: томік вершаў Хо-Шы-Міна на беларускай мове, падборкі часопісаў часоў перабудовы, камяні, у якіх наш настаўнік знаходзіў нейкія фантастычныя сэнсы (а можа і не знаходзіў ), ”чорную біжутэрыю”-узнагароду паўстанцаў 1863 г., якую знайшлі пры разборы каміну, цэлыя скрыні старажытнай кафлі, шкла, керамікі.
Дзіўнае суседства сапраўды ўнікальных экзэмпляраў з рэчамі, высокі сэнс якіх мы, мякка кажучы, не разумелі (падшыўкі “СБ”, крышкі ад піва…) часам нараджала спрэчкі (тым больш, што сядаць ужо папросту не было куды).
Усе, аднак, у рэшце прыйшлі да высновы, што такім мы Алеся Пятровіча і любім: не карысталюбівага і не стэрыльна акадэмічнага, у сусвеце якога (а выкладаў ён, згодна атрыманай адукацыі, астраномію) заставалася даволі месца хаосу і свабоднай творчасці.
Людзі, з якімі я пазней сутыкнуўся ва ўніверсітэце, былі ягонымі дакладнымі супрацлегласцямі...
Сам Алесь Пятровіч, нягледзячы на гарадзенскую прапіску (у плане навукі і дадзеных ЖЭСу), безумоўна належыў усяму сусвету.
Нарадзіўся ён у пасляваенным Калінінградзе, калі вакол усё яшчэ было нямецкім (дамы, мэбля, кнігі), але жылі там ужо выключна рускія.
Пераехаў і працаваў усё жыццё ў Заходняй Беларусі, меў родных, а быццам і сам паходзіў з Украіны.
Фізік па адукацыі, які ўсё жыццё займаўся краязнаўствам.
Прынцыповы гуманіст, які ўмеў знаходзіць агульную мову з прадстаўнікамі розных ідэяў, плыняў, арганізацый, пры гэтым застаючыся на сваёй хвалі.
Было і ёсць нейкае донкіхоцтва у ягоных паводзінах: у змаганні з бяздушнай бюракратычнай машынай, у імкненні захаваць кожны кавалачак нашай Бацькаўшчыны, неабачна выкінуты на ўзбочыну імклівымі рытмамі жыцця, у жаданні данесці ўвесь гэты космас старых польскіх выданняў, брукаваных завулкаў, з’ехаўшых жыдоўскіх пісьменнікаў, сапраўды беларускага партызана Алеся Карпюка і эсбээмаўца Кіта ўсім жадаючым, не зважаючы на іх колькасць і ўзрост.
Валер Руселік, Яўген Бузук, Таня Казак, Андрэй Вашкевіч, Лена Фіранава, Сцёпа Свідэрскі, Янка Лілевіч, Паша Махінаў…
Гэтых людзей не аб’яднала падпольная арганізацыя, яны не рыхтуюць патаемных змоваў…
Але дзе б яны не былі і як бы не гляделі на свет : праз аб’ектыў фотаапарату, турэмныя краты, ці праз вакно аўтобусу на далёкім-далёкім захадзе, упэўнены, што ў кожнага, калі не ў кішэні, дык дакладна ў хаце на кніжнай паліцы можна будзе знайсці кавалачак рыфленай керамікі, выкінуты з-пад зямлі абыякавымі будаўнікамі і падабраны, бо… інакш проста не магло стацца.
Дзякуй вам, Алесь Петровіч!
17–18.05.2011 г.
Алесь Кіркевіч. Валадарка.
***
Даведка ТС:
Алесь Кіркевіч атрымаў 4 гады пазбаўлення волі за "ўдзел у масавых беспарадках" 19 снежня. Вырак быў вынесены 4 мая ў Кастрычніцкім судзе Мінска.
Сваё пакаранне Алесь адбывае ў Наваполацку .
Фота Алеся Госцева – Вацлаў Галімскі, Радыё Рацыя і сайт ліцэя №1 у Гродне
Паводле: Твой стыль
Гарадзенец пра свайго настаўніка
16.06.2011