Пра гэта паведаміла «Наша Ніва». Хто не прынясе даведкі, таго да дзявятай вечара не выпусцяць са школы. Ідэалагічны маразм набірае абароты: напярэдадні Маўклівых пратэстаў 21 верасня ў мінскіх школах збіраюць распіскі. Дзяцей абавязалі заўтра прынесці ад бацькоў даведкі наступнага зместу: «Мой сын… 21.09 з 16.00 да 21.00 будзе знаходзіцца разам з бацькамі дома». Пра гэта «Нашай Ніве» паведаміў бацька чацверакласніка адной са школ. Дзяцей пры гэтым напалохалі: хто не прынясе даведкі, таго да дзявятай вечара не выпусцяць са школы. «Вось такі ў нас цяпер круглы стол на дварэ», — сказаў нам гэты вясёлы тата.
Cітуацыю каментуе Вінцук Вячорка:
ДЫРЭКТАРЫ ШКОЛАЎ, ВАС ШТУРХАЮЦЬ НА ЗЛАЧЫНСТВА
Сёньня, вярнуўшыся дадому, я быў агаломшаны навіной, якую прынесла дачка з гімназіі. Ім загадана прынесьці ад бацькоў даведку, дзе і з кім яны, дзеці, будуць 21 верасьня. А тых, у каго даведкі ня будзе, замкнуць у школе да 9-й вечара.
Шчыра кажучы, апошнія дні мне былі цяжкія, мы зь сябрамі пахавалі блізкага нам чалавека. І я зусім забыўся быў на чарговы інтэрнэт-пэрформанс, заплянаваны на 21 верасьня. А мая 13-гадовая дачка, аматарка жывёлак і кампутарнага маляваньня, дык і наагул пра яго нічога ня ведала! Але даведалася… ў школе.
Шаноўныя дырэктары школаў і гімназіяў, я разумею, што гэта ня ваша ініцыятыва. Але вы павінны ясна ўсьведамляць, што вас штурхаюць да зьдзяйсьненьня крымінальнага злачынства, наўпрост прадугледжанага Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь:
«Артыкул 183. Незаконнае пазбаўленьне волі
1. Абмежаваньне асабістай свабоды чалавека шляхам пасяленьня яго ў якое-небудзь памяшканьне, зьвязваньня ці іншага гвалтоўнага ўтрыманьня пры адсутнасьці прыкметаў службовага ці іншага больш цяжкага злачынства (незаконнае пазбаўленьне волі) – караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў".
Што ж да адказнасьці бацькоў за сваіх непаўналетніх дзяцей, то мы яе нясем паводле жыцьця, сумленьня і закону, і для гэтага зусім ня трэба пісаць крывёю нейкія прысягі ў палітычнай ляяльнасьці рэжыму.
Можаце не сумнявацца, што пры найменшых прыкметах незаконнага пазбаўленьня свабоды нашых дзяцей я і тысячы іншых бацькоў ня спыняцца ані перад падачай адпаведных заяваў у міліцыю і пракуратуру, ані перад зваротам у міжнародныя праваабарончыя інстанцыі.
Таму заклікаю вас агарадзіць школу ад палітычнага псіхозу ўлады, якая імкнецца зрабіць сваімі саўдзельнікамі як мага большую колькасьць службовых асобаў. І не псаваць сабе рэпутацыю на блізкую ўжо будучыню.