Апошні тэрмін падачы прац – 1 сакавіка 2012 г.
Асветніцкая праваабарончая ўстанова «Офіс па правах людзей з інваліднасцю» абвяшчае конкурс «Пераклад Канвенцыі аб правах інвалідаў на беларускую мову».
Мэта конкурсу – стварэнне прафесійнага перакладу Канвенцыі на беларускую мову, а таксама пашырэнне ведаў аб Канвенцыі ў беларускім грамадстве.
Змястоўныя патрабаванні да конкурсных прац:
Конкурсныя працы павінны быць пададзены ў выглядзе дакумента-перакладу артыкулаў 1, 2, 3 і 4 Канвенцыі на беларускую мову. Пераклад павінен быць выкананы згодна з дзейнымі правіламі беларускай мовы. Дадатковым плюсам пры ацэнцы конкурсных прац будзе арыгінальны пераклад тэрміналогіі Канвенцыі.
Тэхнічныя патрабаванні да конкурсных прац:
Працы павінны дасылацца ў электронным выглядзе. Шрыфт – Time New Roman 12 шрыфт. Праца змяшчае пераклад 1, 2, 3 і 4 артыкулаў Канвенцыі. Дапускаюцца да разгляду журы працы, дасланыя ў тэрмін да 1 сакавіка 2012 г.
Дасланыя працы не вяртаюцца аўтарам.
Працы будзе ацэньваць кампетэнтнае журы, якое складаецца з спецыялістаў у галіне юрыспрудэнцыі і лінгвістыкі (юрысты, мовазнаўцы, выкладчыкі, журналісты). Журы працуе ў два этапы. Спачатку – складае short-list, затым – калегіяльна выбірае пераможцу.
Пераможца конкурсу атрымае ноўтбук, а таксама права і прывілей цалкам перавесці на беларускую мову Канвенцыю аб правах інвалідаў на камерцыйных умовах аплаты.
Пераможцам можа быць таксама калектыў аўтараў.
Аўтарскае права:
Дасылаючы працы на конкурс, вы згаджаецеся з тым, што дадзеныя матэрыялы могуць быць скарыстаны арганізатарамі з мэтай прасоўвання ідэй роўнасці і заахвочвання правоў людзей з інваліднасцю ў СМІ (як электронных, так і друкаваных), паліграфічнай прадукцыі. Арганізатары гарантуюць, што выкарыстанне матэрыялаў не цягне за сабой камерцыйнай выгады. Выкарыстанне матэрыялаў ажыццяўляецца з указаннем поўнага імя аўтара і на бязвыплатнай аснове.
Рэгістрацыя ўдзельнікаў:
Да ўдзелу дапускаюцца ўсе ахвотныя, якія даслалі конкурсныя працы і карэктна запоўненую анкету ўдзельніка да 1 сакавіка 2012 г. на адрас info@disright.org, з назвай «Пераклад». Рашэнне журы будзе прынята да 15 сакавіка 2012 г.
Анкета ўдзельніка
Конкурс «Пераклад Канвенцыі аб правах інвалідаў на беларускую мову»
24.01.2012