«Навучанне ў weekend»: Курс для пачаткоўцаў у сакавіку-красавіку

04.03.2012

Апошні тэрмін падачы заявак – 14 сакавіка



Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА ў сакавіку-красавіку 2012 праводзіць у Мінску курс нефармальнай адукацыі «Навучанне ў выходныя». У рамках навучальнай праграмы будуць арганізаваны тры ўзаемазвязаныя інтэрактыўныя семінары пачатковага ўзроўню па навучанні асновам эфектыўнага кіравання некамерцыйнай арганізацыяй. Паміж семінарамі будзе зладжана дзейнасць удзельнікаў па замацаванні ведаў на базе сваіх арганізацый, а таксама праца для абмену досведам у рамках Партала дыстанцыйнага навучання РГА «БелАЮ». Удзел ва ўсіх этапах курса абавязковы!



Навучанне будзе праходзіць паводле раскладу нядзелямі з 11.30 па 17.00.



Расклад правядзення курсу і тэмы інтэрактыўных семінараў:



18 сакавіка: «Роля грамадскіх аб'яднанняў у жыцці грамадства».


1 красавіка: «Уводзіны ў праектны менеджмент».


29 красавіка: «Тэхналогіі Web 2.0 для развіцця сувязяў з грамадскасцю».



Навучанне бясплатнае. Унёсак удзельніка на арганізацыю харчавання і закупку канцтавараў для курса складае 40 000 беларускіх рублёў за кожны семінар. Іншагароднія ўдзельнікі самастойна пакрываюць свае транспартныя выдаткі.



Па сканчэнні навучальнага курса выпускнікі, якія паспяхова выканалі ўсе кампаненты праграмы, атрымаюць пасведчанне аб удзеле ў курсе.



Для ўдзелу ў навучальным курсе неабходна запоўніць заяўку не пазней за 14 сакавіка 2012 г. Заяўка запаўняецца он-лайн па адрасе: http://belau.info/programms/neformalnoe_obrazovanie/weekend.html



Група фармуецца на конкурснай аснове. Колькасць удзельнікаў у групе – 20 чалавек. Прыярытэт у конкурсе будуць мець кандыдаты, якія з'яўляюцца сябрамі або супрацоўнікамі некамерцыйных арганізацый. Удзельнікі навучальнага курсу, абраныя паводле вынікаў конкурсу, атрымаюць персанальнае запрашэнне на навучальны курс не пазней за 15 сакавіка 2012 года на адрас электроннай пошты, пазначаны ў заяўцы.



З усімі пытаннямі, калі ласка, звяртайцеся пісьмова да куратара навучальнага курса Віталя Нікановіча на электронную пошту: vnikanovich@belau.info або праз скайп: v_n_n_v



Даведка. Курс «Навучанне ў выходныя» ладзіцца РГА «БелАЮ» з 2010 г. З Кастрычніка 2011 г. удзельнікі абменьваюцца досведам і выконваюць практычныя заданні ў рамках Партала дыстанцыйнага навучання РГА «БелАЮ». У траўні 2012 г. плануецца правядзенне Форуму выпускнікоў курсу.