Праца настаўнікаў і выхавальнікаў не лічыцца высокааплатнай у многіх краінах. Аднак выхавальніца з Джорджыі (ЗША) Дэана Джамп змагла зарабіць 700 тысяч долараў на продажы сваіх вучэбных планаў і матэрыялаў на анлайн-біржы.
Пол Эдэльман, заснавальнік гэтага стартапу, стварыў платформу для ўзаемавыгаднага абмену метадычнымі і вучэбнымі матэрыяламі пасля таго, як сам адпрацаваў чатыры гады настаўнікам у адной са школ Нью-Ёрка: «Аднойчы мне прыйшло ў галаву, што планы ўрокаў, якія настаўнікі звычайна складаюць для ўласных патрэб, маюць грашовую каштоўнасць. Так прыйшла ідэя стварыць біржу Tеасhеrs Рау Tеасhеrs. Цяпер настаўнікі могуць нядрэнна падзарабіць, прыдаўшы сваім матэрыялам таварны выгляд і выставіўшы іх на продаж».
У першыя два гады работы біржы настаўнікі набывалі патрэбныя ім планы ўрокаў індывідуальна, хоць зрэдку школы кампенсавалі ім гэтыя выдаткі. Цяпер у школ з’явілася магчымасць купіць пакет урокаў непасрэдна на сайце і прадаставіць іх сваім настаўнікам цэнтралізавана. Эдэльман чакае, што менавіта такія аптовыя закупкі ў будучыні будуць прыносіць яму львіную частку даходу.
Tеасhеrs Рау Tеасhеrs спецыялізуецца на ўроках для дзяцей дзетсадаўскага і школьнага ўзросту. Самыя папулярныя прадметы — англійская мова і літаратура, грамадскія і прыродазнаўчыя навукі, матэматыка.
Усяго на сайце зарэгістравана 700 тысяч карыстальнікаў, з якіх дзесяць тысяч прадаюць свае работы. Агульны абарот сайта дасягнуў сямі мільёнаў долараў. Многія ўрокі — бясплатныя, а сярэдні кошт урока складае ад 5 да 10 долараў. У педагогаў ёсць магчымасць падпісацца на абнаўленні ўрокаў аўтараў, якія найбольш спадабаліся. Так, у Дэаны Джамп ужо амаль 12 тысяч падпісчыкаў.
Для прасоўвання сваіх матэрыялаў настаўнікі шырока выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі Fасеbооk, Twіttеr і Ріntеrеst. Каля 93% даходу прыносяць ЗША, 5% — Канада і па 1% — Аўстралія і ўсе іншыя англамоўныя краіны.
Падрыхтавала Надзея НІКАЛАЕВА, Звязда. Фота e-taalim.com
Анлайн-біржа ўрокаў
28.05.2012