ТБШ запытала ў чыноўнікаў пра стан беларускамоўнай адукацыі

03.09.2012

РГА «Таварыства беларускай школы» даслала афіцыйныя запыты наконт стану беларускамоўнай адукацыі ў Міністэрства адукацы і ў Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама. Асноўныя пытанні запытаў датычаць выканання «Плана мерапрыемстваў у сістэме Міністэрства адукацыі па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства на 2010 год і наступныя гады».

Міністру адукацыі Рэспублікі Беларусь С.А. Маскевічу,
Старшыні Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама В.К. Шчэрбу

Грамадскасць Беларусі занепакоена выкананнем «Плана мерапрыемстваў у сістэме Міністэрства адукацыі па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства на 2010 год і наступныя гады», які быў зацверджаны 12.03.2010.

У прыватнасці, цікавяць найперш наступныя пытанні:

1. Якім чынам была азнаёмлена педагагічная грамадскасць Беларусі з азначаным дакументам? У якіх сродках масавай інфармацыі ён быў надрукаваны?

2. Якія канкрэтныя якасныя змены адбыліся ў працягу выканання Плана?

3. Як павялічылася сетка дашкольных устаноў (груп), колькасць класаў з беларускай мовай навучання, удзельная вага прадметаў, якія выкладаюцца на беларускай мове (па стану на 1 верасня 2012 г.).

4. Ці ва ўсіх установах быў праведзены першы ўрок навучальнага года на беларускай мове?

З павагай і надзеяй на супрацоўніцтва,
старшыня РГА «Таварыства беларускай школы» Алесь Лозка.

31 жніўня 2012 г.