Мінск: Адкрыццё нефармальных курсаў беларускай мовы «Мова ці кава»

12.02.2013

18 лютага 2013 г.

Адкрыццё курсаў «Мова ці кава» ў Мінску адбудзецца 18 лютага, пачатак, а 19:00. заняткі будуць адбывацца кожны панядзелак.

Гэта будзе аналаг «вывучэння мовы ў кавярні», якое пачалося з ініцыятывы журналісткі Кацярыны Кібальчыч у Маскве.

На першы занятак прыедзе Васіль Дранько-Майсюк, выкладчык аналагічных курсаў у Маскве. У Мінску выкладаць мову будуць: Алеся Літвіноўская (філолаг) і Глеб Лабадзенка (журналіст), час ад часу «Мову ці каву» будзе весці Андрусь Такіданг, музыкант гурту «Рэха».

Для каго курсы? Для людзей, якія хочуць удасканаліць сваю мову. якія «вучылі ў школе, але троху забыліся». Якія «любяць мову, але саромеюцца на ёй размаўляць». Для тых, хто хоча знайсці беларускамоўныях сяброў і пачаць размаўляць. І, як кажа Кацярына Кібальчыч, «для трасянкамоўных».

Фармат курсаў – сустрэча ў кавярні раз на тыдзень, па панядзелках а 19.00. Працягласць занятка – 1,5 гадзіны.

Дзе? Першы занятак адбудзецца 18 лютага (панядзелак) а 19.00 у кавярні «Дом Фішара» (Незалежнасці, 84а – метро «Парк Чалюскінцаў»).

Якія фінансавыя ўмовы? Курсы дармовыя. Умовы ад кавярні – 25.000 з чалавека за занятак. У гэты кошт улучаная кава-гарбата і печыва. Пачастунак можна прыносіць і з сабою!

Як запісацца? Можна проста прыходзіць на першы занятак па згаданым адрасе ў пазначаны час.

Набор у групу на старонцы facebook.com/MovaCiKava.

Паводле labadzenka.by