Як школьнікі могуць паўдзельнічаць у Гадзіне Зямлі?

12.03.2013

Апошні тэрмін – 20, 24 сакавіка 2013 г. 

23 сакавіка 2013 г. ва ўсім свеце будзе праводзіцца акцыя «Гадзіна Зямлі» – штогадовая падзея, якая ініцыюецца Сусветным фондам дзікай прыроды (WWF). Арганізацыя заклікае ўсіх – прыватных асоб, арганізацыі, школы, муніцыпальныя аб’яднанні, камерцыйныя установы – выключыць святло і іншыя не жыццёва неабходныя электрапрыборы на адну гадзіну (акрамя ліфтоў), каб стымуляваць інтарэс да праблемы змянення клімату.

Цэнтр экалагічных рашэнняў у межах гэтай акцыі і праекта ШПІРЭ прапаноўвае ўстановам адукацыі і ўсім зацікаўленым прыняць удзел у мерапрыемствах!

Акцыя «60 секунд для Зямлі»

Прапануем усім ахвотныым прыняць удзел у стварэнні грандыёзнага відэароліка «60 секунд для Зямлі». Дзеля гэтага ўдзельнікам неабходна зняць невялікі відэафрагмент, у якім на працягу 60 секунд яны павінны зрабіць якое-небудзь вясёлае, арыгінальнае дзеянне, з дапамогай якога кожны чалавек можа станоўча паўплываць на змяненне клімату, напрыклад:

• Для Зямлі я гатовы за 60 секунд сабраць 1 кг макулатуры.
• Для Зямлі я гатовы за 60 секунд памяняць некалькі лямпачак накальвання на энергазберагальныя.

Відэаролікі (да 15 мегабайт), ці спасылкі на файлаабменнік, які змяшчае відэаролік (больш за 15 мегабайт), неабходна даслаць да 20 сакавіка 2013 г. на spare@ecoidea.by з пазнакай «60 секунд для Зямлі». Для відэароліка будуць адабраныя відэафрагменты з самымі карыснымі дзеяннямі для Зямлі.

Найлепшыя відэаролікі, атрыманыя ў межах акцыі, будуць змантажаваныя ў адзін фільм, які будзе актыўна прасоўвацца ў межах дзейнасці Цэнтра экалагічных рашэнняў.

Аўтары самых арыгінальных ролікаў атрымаюць прызы ад арганізатараў.

Прэзентацыя выніковага відэароліка адбудзецца 1 красавіка 2013 г. Дата ўзнагароджання пераможцаў будзе вядома пазней.

Інтэлектуальная гульня «Зялёнае Што? Дзе? Калі?»

Гульня праводзіцца на базе школы ці іншай адукацыйнай установы і разлічана на вучняў 9–11 класаў. Гульня можа быць арганізавана настаўнікамі ці вучнямі старэйшых класаў. У гульні можа прыняць удзел любая колькасць каманд (не больш чым з 6 чалавек кожная).

Падчас гульні каманды атрымаюць пакет пытанняў на тэму «Экалогія і энергія». Для адказу на кожнае пытанне даецца 60 секунд. Каманда, якая правільна адкажа на найбольшую колькасць пытанняў, аб’вяшчаецца пераможцам.

Для атрымання пакета пытанняў неабходна даслаць заяўку на spare@ecoidea.by з пазнакай «Што? Дзе? Калі?», падаўшы нумар школы, а таксама кантактную інфармацыю арганізатара (прозвішча, імя, імя па бацьку, мабільны тэлефон, адрас). Пасля правядзення гульні мы просім даць кароткую справаздачу, якая будзе змяшчаць інфармацыю пра дату і месца правядзення, пра колькасць удзельнікаў, кароткі водгук арганізатараў і ўдзельнікаў, а таксама некалькі фотаздымкаў.

Паводле ecoidea.by