Ад 3 чэрвеня ідзе набор у беларускамоўныя школы, класы і садочкі.
Вось што можа прапанаваць вучням і іх бацькам сталічная гімназія №4.
У гімназіі з 1 класа выкладаецца англійская мова. Вывучэнне польскай, нямецкай, французскай моваў прапануецца на факультатыўных занятках. Акрамя таго, з 10 класа вучні могуць рыхтавацца да паступлення, абраўшы фізічна-матэматычны, хімічна-біялагічны альбо філалагічны клас. Абавязковым для навучэнцаў з’яўляецца афіцыйна-дзелавы стыль адзення.
У школе някепскія магчымасці для заняткаў фізкультурай і спортам. Напрыклад, ахвотныя могуць займацца тэнісам.
У якасці пазакласных заняткаў гімназія прапануе курс заняткаў па развіцці памяці, увагі, успрыняцця для дзяцей 1–4 класаў, развіццёвы трэнінг для вучняў 5–10 класаў «Сцежкі да свайго Я», а таксама гурток «Юныя экскурсаводы». Для аматараў хэнд-мэйду працуе гурток «Традыцыйныя беларускія рамёствы», дзе навучэнцам прапануюць навучыцца ткаць, вышываць, рабіць традыцыйных лялек, паясы, кашулі, выцінанкі і паштоўкі.
На базе гэтай навучальнай ўстановы працуюць цэнтр беларускай нацыянальнай культуры «Сялянская хатка» і музей этнаграфіі Беларусі і гісторыі гімназіі «Мой родны кут».
Прыём дакументаў у першыя класы да 28.08.2013 у панядзелак, сераду і пятніцу з 10.00 да 14.00, аўторак і чацвер – з 16.00 да 21.00, у 1 і 3 суботу месяца з 10.00 да 12.00
Дакументы прымаюцца ў кабінеце № 112.
Даведкі па тэлефонах: 258–49–74, 258–49–71.
Паводле nn.by
Мінская гімназія №4: беларуская, англійская мова, тэніс, фізіка з матэматыкай і біялогія з хіміяй
06.06.2013



