Беларускае пяціборства – 2014

У панядзелак, 17 лютага, прайшла ўрачыстая цырымонія ўганаравання пераможцаў Беларускага пяціборства для школьнікаў. Само спаборніцтва прайшло чатырма тыднямі раней. 19 спаборнікаў з розных гарадоў і вёсак Магілёўшчыны змагаліся за прызы пяціборства. Для гэтага ім трэ было развязаць дзве матэматычныя задачы, адказаць на пытанні з мовы, літаратуры, гісторыі Беларусі і прыродазнаўства. Пра пераможцаў – фотарэпартаж Надзеі Бацілавай.


Паліна Шарапава (9 клас гімназіі № 1 Магілёва) заняла V месца. Але ў яе найлепшыя веды ў мове і літаратуры, бо маці выкладае беларускую літаратуру ў універсітэце, а вучыць Паліну адна з лепшых настаўніц Ганна Бандарэнка. Вось жа шанцуе дзяўчыне!


Даша Куракса (11 клас школы № 21 Бабруйска) заняла ІІІ месца. Дыплом уручае прадстаўнік рэктарата Аляксей Лаўшук, дэкан педагагічнага факультэта. Бацька Дашы хоча пакінуць урачысты момант на сваім мабільніку.


Алесь Баравікоў (9 клас гімназіі № 1 Магілёва) заняў другое месца найперш дзякуючы добрым ведам у матэматыцы. Але ён адзіны з 19 спаборнікаў, хто ведае пра падзею, 500-гадовы юбілей якой будзем адзначаць 8 верасня гэтага года. Дыплом і прыз уручае дацэнт універсітэта Яраслаў Клімуць, старшыня абласной арганізацыі ТБМ.


А перамагла ўжо другі раз Ангеліна Жыркевіч (9 клас гімназіі № 3 Бабруйска), сястра легендарнай пяціборкі Настассі Жыркевіч, якая чатыры разы ўдзельнічала ў Беларускім пяціборстве, займаючы два разы першае месца і два разы – другое. Цяпер Насця, атрымаўшы залаты медаль міжнароднай матэматычнай алімпіяды сярод дзяўчатак, вучыцца на матэматычным факультэце Белдзяржуніверсітэта. У Ангеліны маецца магчымасць пераўзыйсці вынік сястры ў пяціборстве. Цікава, ці адбудзецца тое…


Старшыня аргкамітэта Беларускага пяціборства Міхась Булавацкі дапоўніў прызы пераможцаў каштоўнымі беларускімі кнігамі.

І пяціборства ад 12 да 79

Традыцыя пісаць да Дня роднай мовы агульнанацыянальную дыктоўку ў Магілёве ўжо трэці раз дапаўняецца правядзеннем Беларускага пяціборства для дарослых. У суботу, 22 лютага, у абласным палацы культуры дзеля гэтай мэты сабраліся звыш сямідзесяці чалавек ва ўзросце ад 12 да 79 гадоў.

Для дыктоўкі быў выбраны ўрывак з твора нашага земляка Максіма Гарэцкага, які дыктавала настаўніца беларускай мовы Ганна Бандарэнка. Па заканчэнні дыктоўкі ўсім, хто пажадаў, былі раздадзеныя заданні пяціборства. Такіх жаданцаў аказалася 53. Хто не прэтэндаваў на прызы, мог выконваць заданні ананімна. Астатнія пазначалі на аркушы сваё прозвішча. У той жа дзень, пакуль доўжыўся канцэрт, працы былі правераны, вызначаны пераможцы, якім уручаліся прызы.

Перамог індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Дымкоў, намеснік старшыні гарадской арганізацыі ТБМ, ён быў найлепшым у матэматыцы і прыродазнаўстве. На другім месцы – кандыдат гістарычных навук, дацэнт універсітэта імя А.Куляшова Алесь Агееў, ён быў несумненна найлепшым у пытаннях з гісторыі, але й па матэматыцы быў не горшым за свайго сына, студэнта. Трэцяе месца заняў настаўнік беларускай мовы Юрась Каласоўскі, сябра рэдкалегіі газеты «Наша слова». І тут адпаведнае: ён быў найлепшым у пытаннях мовы. А найлепшыя адказы на пытанні з літаратуры дала ўжо згаданая вышэй Ганна Бандарэнка.

І зноў фотарэпартаж Надзеі Бацілавай.


Дыктоўку праводзіць Ганна Бандарэнка


Мова ажывае пад пальцамі і ў свядомасці беларусаў


Інструктаж аб правілах пяціборства

 


Спаборнікі здалі працы і атрымалі аркушы з адказамі. Дужа цікава. У сінім – Юрась Каласоўскі


І прыз – Сяргею Дымкову 

Міхась Булавацкі, Надзея Бацілава