НАША адукацыя

У мінулым годзе на сайце Nastaunik.info праходзіла грамадская дыскусія «Альтэрнатывы ў адукацыі», якая мела вынікам публікацыю – зборнік артыкулаў.

Хацелася б і сёлета працягнуць падобную працу, якая дапаможа нам сабраць меркаванні розных бакоў і абмяняцца паспяховымі практыкамі вырашэння адукацыйных праблем, ці проста зазначыць і абмеркаваць важныя тэмы.

Прафесіяналы сыходзяць са школы, моладзь імкнецца з’ехаць за мяжу, адукаваныя разумныя людзі – не каштоўнасць для дзяржавы... Але шмат таленавітых і самаадданых педагогаў застаюцца ў школах, шукаючы шляхі вырашэння гэтых праблем. Давайце паспрабуем падзяліцца сваім досведам, як гэта раней зрабілі Наталля Ільініч, Уладзімір Колас, Валянціна Быстрык, Міхась Булавацкі ды іншыя.

Гледзячы на іх, мы маем больш аптымізму, радуемся, што дагэтуль дзейнічае ў падполлі закрыты ў 2003 годзе Беларускі ліцэй; настаўніца, якую звольнілі з працы, пазбавілася толькі... начальства, але не сышла з адукацыі, вучыць дзяцей і нават калег; заснаваны на агульных каштоўнасцях клуб «Беларускае кола» выйграе конкурсы і на канікулах вандруе па Беларусі, Літве, Польшчы, Германіі, Бельгіі. Мы з цікавасцю сачылі, як настаўнікі, якія атрымалі папярэджанні, штрафы і нават судовыя справы за тое, што апублікавалі заданні рэпетыцыйнага тэставання ў сваіх блогах, згуртаваліся і гатовыя былі ісці да дырэктара РІКВ на перамовы. Вядома, РІКВ не прызнаў сваю паразу, але даў задні ход, адмяніў перамовы і наўрад ці адважыцца судзіцца з настаўнікамі наступным разам.

І гэтыя перамогі адбыліся тут і цяпер. Значыць, мы нешта можам.

Вось некаторыя з тэм, якія мы б хацелі абмеркаваць:

• Стэрэатыпы ў беларускай адукацыі. Над чым настаўнік не задумваецца, а варта?

• Спіс ключавых кампетэнцый. Чаму і як трэба вучыць у школе? Якія кампетэнцыі патрэбны сучаснаму беларускаму школьніку? Ці тыя самыя, што нямецкаму, літоўскаму, расійскаму?

• Імідж беларускага настаўніка. Ад чаго і каго залежыць? Што рабіць? Што залежыць ад нас саміх?

• Грамадзянская пазіцыя настаўніка. Хаваць ці не хаваць? Ці ўплывае яна на якасць адукацыі?

• Імітацыя і фальсіфікацыя адукацыі як выклік грамадству. Што такое плагіят? Чым можа скончыцца «Дай спісаць!» у школе?

• Праблема і

нфармацыйна-камунікатыўных кампетенцый розных пакаленняў. Лічбавая прорва ў школе: настаўнікі – вучні, упраўленцы – настаўнікі...

• Няякасныя падручнікі. Што рабіць? Навука пад канспект? Пішам свой падручнік?

• Грамадзянская адукацыя, нацыянальная школа і патрыятычнае выхаванне. Ці ёсць перспектывы ў краіны, якая не мае сваёй школы?

• Устаноўкі, якія мы даем дзецям. Навошта вучыцца? Нашыя чаканні? Ці ёсць шчасце за мяжой?

• Медыяадукацыя. Што гэта? Навошта? Ці ёсць ёй месца ў адукацыйным працэсе?

Давайце разважаць, давайце выцягваць сябе з руціны, каб было лепш бачна, ці тое мы робім і ці так, давайце дзяліцца сваімі дасягненнямі, нават самымі маленькімі. Можа, вы прааналізавалі адукацыйнае заканадаўства і цяпер не абыходзіце дамы, правяраючы, хто там прапісаны, і ці дыміць комін? А можа вашая школа змагла адстаяць права настаўнікаў не прыбіраць «Чыжоўка-арэну»? Ці вы ведаеце сакрэт павышэння матывацыі вучняў? Ці як далучыць бацькоў да супрацоўніцтва? Раскажыце нам.

Дасылайце свае нататкі на адрас nastaunik.info@gmail.com, сачыце за абмеркаваннямі на старонцы. Усіх аўтараў матэрыялаў плануецца запрасіць на круглы стол у красавіку 2014 г.