Пры запаўненні вакантных месцаў ніжні парог будзе зніжаны на 5 балаў.
Традыцыйна ЦТ стартуе са здачы абітурыентамі тэсціравання па беларускай мове. Сёлета першы тэст прыпадае на суботу 14 чэрвеня, а ў нядзелю 15 чэрвеня абітурыенты будуць здаваць рускую мову, 17 га – грамадазнаўства, 19 га – біялогію, 20 га – матэматыку, 22 га – гісторыю Беларусі, 23 га – хімію, 24 га – фізіку, 25 га – сусветную гісторыю найноўшага часу, 27 га – замежныя мовы і 28 чэрвеня – геаграфію.
Рэгістрацыя для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні распачнецца 2 мая і будзе доўжыцца да 1 чэрвеня ўключна.
Для абітурыентаў, якія па ўважлівай прычыне прапусцілі цэнтралізаванае тэсціраванне ў асноўны дзень, прадугледжаны рэзервовы дзень – 5 ліпеня. Але здаць у рэзервовы дзень можна будзе толькі адну дысцыпліну. Пунктамі рэгістрацыі абітурыентаў для ўдзелу ў ЦТ у рэзервовы дзень вызначаны Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П. Сухога, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні ў рэзервовы дзень трэба будзе звярнуцца ў гэтыя ВНУ з 27 чэрвеня па 1 ліпеня для рэгістрацыі. Пунктам правядзення цэнтралізаванага тэсціравання па ўсіх вучэбных прадметах у рэзервовы дзень стане Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Міністэрства адукацыі вызначылася таксама і з ніжнім парогам балаў на ЦТ, якія дазволяць абітурыентам удзельнічаць у конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі. Для таго, каб мець магчымасць падаць дакументы ў ВНУ для атрымання вышэйшай адукацыі першай ступені, абітурыенты павінны будуць набраць не менш як 10 балаў на ЦТ па рускай і беларускай мове, 15 балаў – на ЦТ па матэматыцы, фізіцы, хіміі і біялогі і 20 балаў – на тэсціраванні па гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі найноўшага часу, грамадазнаўстве, геаграфіі і замежных мовах. Як і было абяцана, парог застаўся на тым жа ўзроўні, што і летась. Але з’явіліся дадатковыя паслабленні для тых, хто будзе паступаць на бюджэтныя месцы ў рамках дадатковага набору ў дзяржаўныя ВНУ на месцы, што засталіся вакантнымі пасля залічэння абітурыентаў. Для іх гэты парог будзе ніжэйшы: у сертыфікатах па рускай і беларускай мовах абітурыенты павінны будуць мець не менш як 5 балаў, па матэматыцы, фізіцы, хіміі і біялогіі – 10 і 15 балаў – па гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі найноўшага часу, грамадазнаўстве, геаграфіі і замежных мовах.
У Міністэрстве адукацыі падкрэсліваюць, што для таго, каб засвоіць універсітэцкую праграму і не дыскрэдытаваць дыплом аб вышэйшай адукацыі, абітурыент павінен мець пэўны патэнцыял. Устаноўлены ўзровень тэставых балаў дазволіць адсеяць пры паступленні ў ВНУ слаба падрыхтаваных абітурыентаў. Станоўчыя значэнні тэставых балаў вызначаліся з улікам праведзенага аналізу вынікаў ЦТ за некалькі апошніх гадоў. У прыватнасці, аналізаваўся працэнт выканання заданняў у тэстах, узровень складанасці заданняў, а таксама праводзіўся аналіз вынікаў конкурснага адбору ва ўстановы вышэйшай адукацыі ў мінулыя гады.
Надзея Нікалаева, Звязда