У сярэдзіне красавіка 2014 г. адбылася ІХ Асамблея Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай школы». Яна складалася з дзвюх частак: справаздачна-выбарнай і навукова-метадычнай.
Дэлегаты Асамблеі і госці заслухалі справаздачны даклад старшыні ТБШ Алеся Лозкі, які гаварыў аб крызісе ў сучаснай адукацыі, аб агульным зніжэнні якасці навучання, праліках у кіраванні адукацыяй, яе забюракратызаванасці, нізкім фінансаванні, заганнай практыцы ў забеспячэнні кіраўнічых кадраў устаноў, пагражальным стане беларускамоўнага навучання і інш.
Найбольш значнымі мерапрыемствамі ТБШ названы: у 2011 г. – правядзенне Нацыянальнай канферэнцыі «Пострэформавы стан беларускай адукацыі», стварэнне электронных дапаможнікаў, арганізацыя фальклорных калектываў у Францыю на Interfolk праз кожныя два гады, штогадовых паездак школьнікаў; у 2012 г. – правядзенне круглага стала «Альтэрнатывы ў адукацыі», курсаў дыстанцыйнага навучання і конкурса метадычных матэрыялаў, сайта «Актыўная ацэнка»; у 2013 г. – правядзенне Нацыянальнага бацькоўскага сходу, удзел у абмеркаванні «Кодэкса аб адукацыі» (супрацоўніцтва з Міністэрствам адукацыі і Паястаяннай камісіяй па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу); выданне трох выпускаў брашуры «Актыўная ацэнка», штогадовае ганараванне дыпломамі ТБШ актыўных сяброў і інш.
Прысутнымі абмеркавана дзейнасць арганізацыі за тры гады, абрана кіраўніцтва, канцылярыя, назіральная рада і рэвізійная камісія. Ранейшаму кіраўніцтву таварыства аказаны давер на новы перыяд (Алесь Лозка, Тамара Мацкевіч, Алесь Сядзяка); у склад галоўнага выканаўчага органа – канцылярыі – увайшлі таксама Уладзімір Колас, Вольга Мазурава, Валянцін Вячорка і Ягор Сурскі; у назіральную раду – прадстаўнікі розных рэгіёнаў, педагогі-навукоўцы, актыўная бацькоўская грамадскасць.
У другой частцы Асамблеі адбыўся круглы стол, дзе былі абмеркаваны надзённыя пытанні беларускай адукацыі. Адметнымі і дыскусійнымі былі выступленні былых педагогаў БДПУ Пётра Садоўскага і Валянціна Вячоркі, прафесара БДУКіМ Аляксея Рагулі, бацькі адзінай у Магілёве беларускамоўнай вучаніцы Дзмітрыя Салаўёва, педагогаў агульнаадукацыйных устаноў Алеся Сядзякі і Ягора Сурскага, дацэнта АПА Міхася Запрудскага і інш. Усе матэрыялы Асамблеі хутка будуць надрукаваны ў спецыяльным зборніку.
Канцылярыя ТБШ