Мовазнаўцы Пётра Садоўскі й Вінцук Вячорка запрашаюць на чарговы, 30-ты сэзон Моўных сустрэчаў.
Праводзяць яго ў межах кампаніі „Зробім лепш”, якую вядуць сябры Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў.
Чарговая сустрэча ў сераду, 15 кастрычніка. Вядзе Пётра Садоўскі.
Пра тэму папрасілі ўдзельнікі:
Па-беларуску зь дзецьмі
Ужо стаўшы бабулямі й дзядулямі, беларусы памятаюць пяшчотныя маміны ды татавы словы:
- Што ты, мой Ясечка-каласок, плачаш? Хочаш есткі? Не ... Можа сюкацькі? Не ... Піткі? Не ... (Маці разгублена глядзіць на бацьку): „Пятрок, можа, ты зрабі яму сі-та-та?” (Малое радасна пачынае скакаць ў калысцы, паказваючы рукой на тату-Петрака: „Тата, гоп-гоп! Гута-та, сіта-та...!” Бацька ставіць сыночка „далоўкі” (на падлогу): „Давай жа топанькі-дыбанькі...” Бацька сядае на лаву, -- „нага за нагу”, садзіць Яську „ў сядло” (малое „абжыргала” шчыкалатку на назе) і „гушкае-гутатае”: „Гута-та, сіта-та, траля-ля, іга-га ...!”
- Малое цягнецца да агня ў грубцы. Дарослыя: „Не чапай жыжу. Будзе боля... Глянь, во ляля плача. Пажалей яе...”
- Бабуля расказвае ўнучку бываліцу: „Было гэта не сягоньнека, а даўна-даўна ... Заснуў быў дзед Рыгор на сене ў пуні, а тут нехта шавыр! са страхі ды брык дагары ля дзьвярэй...І як бы памірае:Ой, моташна мне... Усхапіўся дзед Рыгор. Ажно гэта чорт ...”
- Помняцца і лічылкі: Эны-бэны, тры-каморы, цукар-махар, памідоры, эс–бэз, кіслы квас, каму трэба фунт кілбас...
Пра гэта і пра іншае зь дзіцячага сьвету раскажа Пётра Садоўскі на чарговай „Моўнай сустрэчы” 15 кастрычніка. У канцы сустрэчы – спаборніцтва-экспромт: „інсцэнізаваць” маналог бацькі (маці) да сына(дачкі) ў зададзеных абставінах. Прыз – „Чытанка для дзіцячага садка” (укладальнікі В. Вячорка і П. Садоўскі).
Пачатак а 18.30. Уваход вольны. Арт Сядзіба, пр. Незалежнасьці, 58, гандлёвы цэнтар „Маскоўска-Венскі”(наступны за ЦУМам). 4 паверх, пакой 430.



