
Курс будзе даступны па 19 снежня 2014 г.
Надзея Нікалаева, Звязда
Парк высокіх тэхналогій і карпарацыя Google запусцілі бясплатны інтэрнэт-курс для настаўнікаў «Базавыя сэрвісы для адукацыі». Першыя заняткі прайшлі ў вучэбным цэнтры Парка высокіх тэхналогій у Мінску, а таксама на базе ІТ-акадэмій у Лідзе і Новаполацку.
У ходзе інтэрнэт-курса эксперты падзеляцца са слухачамі новымі ўменнямі і навыкамі, а слухачы, у сваю чаргу, змогуць абмяняцца вопытам з калегамі з усяго свету. У педагогаў будзе магчымасць даведацца, як іншыя настаўнікі арганізуюць праверку хатніх работ дзякуючы Google Drіve, выкарыстоўваюць Google-карты, кантактуюць з вучнямі і іх бацькамі праз платформы Google, разам з класам абмяркоўваюць творы мастацтва, прадстаўленыя ў Акадэміі культуры Google, і г.д. Мэта курса — паказаць, як з дапамогай інтэрнэт-сэрвісаў можна індывідуалізаваць працэс навучання, абудзіць у вучняў інтарэс да ведаў і спрасціць задачы па правядзенні ўрокаў.
Каб запісацца на курс, трэба наведаць сайт http://g.co/basicsforteaching і зарэгістравацца там у якасці слухача. Слухачы, якія паспяхова выканаюць выніковы праект, змогуць атрымаць сертыфікат аб праходжанні курса.



